Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Дзяўчынка і сокал

   Жыла-была маленькая дзяўчынка Наташа. Яна была вельмі сур’ёзнай, жадала ва ўсім разабрацца сама і пастаянна задавала дарослым пытанні. За гэта тата празваў яе Чамучкай. А яшчэ яна вельмі любіла розных жывёл. Дзяўчынка доўга ўпрошвала тату і маму, каб яны падарылі ёй маленькага сабачку. Нарэшце гэты цуд адбыўся. У хуткім часе маленькае шчаня Джоні стала агульным любімцам.
   У выхадныя дні тата вывозіў усю сям’ю ў лес, дзе дарослыя збіралі грыбы і ягады. Дзяўчынка з Джоні гулялі разам у светлым сасновым бары. Аднойчы Джоні нешта знайшоў пад дрэвам. Ён, як дарослы сабака, зрабіў стойку, наставіў вушы і весела забрахаў. Чамучка падбегла, апусцілася на калені, рассунула кусцікі верасу і ўбачыла на моху маленькае, кволае, пухнатае птушаня. Нягледзячы на свае невялікія памеры, яно было вельмі смелае, адважнае. Убачыўшы перад сабою Джоні, яно перавярнулася на спіну і выставіла наперад свае лапкі, узброеныя маленькімі вострымі кіпцюрамі. Дзяўчынка асцярожна ўзяла птушаня ў рукі і пайшла паказаць яго тату. Той адразу стаў аглядаць усе дрэвы вакол, каб знайсці гняздо, з якога выпала птушаня. Але гнязда не знайшлі. На хуткай нарадзе было вырашана ўзяць малое дахаты і выхадзіць.
   Са з’яўленнем новага члена сям’і Гошы ва ўсіх паявіліся і новыя клопаты. Гоша аказаўся занадта патрабавальным. Сакалок вельмі хутка зарыентаваўся ў сямейнай іерархіі і больш за ўсіх паважаў бабулю-гаспадыню. Птушаня расло не па днях, а па гадзінах. Хутка ў яго пачало з’яўляцца пер’е. Гоша досыць упэўнена бегаў па пакоі, спрабаваў з дапамогай нядужых яшчэ крылаў узбірацца на высокія прадметы. Птушаня было вельмі забаўным, рэагавала на сваю мянушку і паступова стала ўсеагульным любімцам, чым выклікала рэўнасць Джоні.
   Хутка птушаня амаль цалкам аперылася і пачало смела лятаць па пакоі. У яго з’явілася ўлюбёнае месца на буфеце, дзе яно спала на адной лапцы. У час снядання ці вячэры ўсёй сям’і Гоша нязменна сядаў на высокую спінку крэсла і ціхенька папіскваў, выпрошваў чарговы кавалачак мяса. Пад’еўшы, ён перабіраўся на бабуліна плячо, пяшчотна пакусваў яе за вуха.
   Птушаня пасталела і ператварылася ў вастракрылага сокала з белым прыгожым горлам. Тата павёз Гошу на кафедру заалогіі ў інстытут, каб вызначыць від сокала. Арнітолагі сказалі, што гэта чаглок – вельмі рэдкі сокал, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
   Увечары на сямейнай нарадзе было вырашана выпусціць птушку на волю. Апошняй дала згоду на гэта Наташа. Гошу павезлі ў той сасновы гай, дзе яго знайшлі месяц таму. Сакалок доўга не хацеў адлятаць, скакаў з пляча таты на плячо мамы, нават апусціўся на зямлю побач з Джоні і міралюбіва хадзіў вакол яго, быццам развітваўся. Апошняй ён сеў на плячо Чамучцы, пяшчотна ўскудлачыў дзюбай яе валасы, крыкнуў пранізліва і ўзляцеў. Ён падняўся вышэй за сосны, зрабіў тры шырокія кругі, пракрычаў нешта на сваёй сакалінай мове і знік удалечыні.
   Яшчэ доўга дзяўчынка Наташа ўспамінала пра свайго гадаванца Гошу і сумавала. Аднак сум з часам прайшоў. Дзяўчынка разумела, што птушка павінна жыць на волі.
(460 слоў)

Паводле У. Іваноўскага.