Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сокал Гоша

   Дзяўчынка Наташа вельмі любіла жывёл. Яна доўга ўпрошвала бацькоў, каб яны падарылі ёй маленькага сабачку. Нарэшце цуд адбыўся. Маленькае шчаня Джоні стала агульным любімцам.
   У выхадныя дні сям’я выязджала ў лес, дзе дарослыя збіралі грыбы і ягады, а дзяўчынка з Джоні гуляла ў бары. Аднойчы Джоні нешта знайшоў пад дрэвам. Ён зрабіў стойку, наставіў вушы і забрахаў. Дзяўчынка падбегла, апусцілася на калені, рассунула кусцікі верасу і ўбачыла на моху маленькае птушаня. Нягледзячы на свае невялікія памеры, яно было вельмі смелае. Убачыўшы перад сабою Джоні, яно перавярнулася на спіну і выставіла наперад лапкі, узброеныя маленькімі вострымі кіпцюрамі. Наташа асцярожна ўзяла птушаня і паказала бацьку. Той агледзеў усе дрэвы вакол, каб знайсці гняздо, з якога выпала птушаня. Але гнязда не знайшлі. Было вырашана ўзяць малое дахаты.
   Так з’явіўся новы член сям’і Гоша. Сакалок вельмі хутка сарыентаваўся ў сямейнай іерархіі і больш за ўсіх паважаў бабулю-гаспадыню. Гоша ўпэўнена бегаў па пакоі, спрабаваў узбірацца на высокія прадметы. Птушаня было вельмі забаўным і паступова таксама стала ўсеагульным любімцам.
   Хутка птушаня аперылася і пачало лятаць па пакоі. У яго з’явілася ўлюбёнае месца на буфеце, дзе яно спала на адной лапцы. У час снядання ці вячэры ўсёй сям’і Гоша нязменна сядаў на высокую спінку крэсла і ціхенька папіскваў, выпрошваючы чарговы кавалачак мяса.
   Птушаня пасталела і ператварылася ў вастракрылага сокала з белым прыгожым горлам. Бацька павёз Гошу на кафедру заалогіі ў інстытут, каб вызначыць від сокала. Арнітолагі сказалі, што гэта вельмі рэдкі сокал, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
   На сямейнай нарадзе вырашылі выпусціць птушку на волю. Апошняй дала згоду Наташа. Гошу павезлі ў той сасновы гай, дзе яго знайшлі. Сакалок доўга не хацеў адлятаць, скакаў з пляча на плячо, а потым апусціўся на зямлю побач з Джоні і міралюбіва хадзіў вакол яго, быццам развітваўся. Затым сеў на плячо Наташы, пяшчотна ўскудлачыў дзюбай яе валасы, крыкнуў пранізліва і ўзляцеў. Ён падняўся вышэй за сосны, зрабіў тры шырокія кругі, пракрычаў нешта на сваёй сакалінай мове і знік удалечыні.
   Яшчэ доўга Наташа ўспамінала пра свайго гадаванца Гошу і сумавала. Аднак дзяўчынка разумела, што птушка павінна жыць на волі.
(340 слоў)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДзяўчынка і сокал