Яе, Ліду, ён убачыў упершыню пад восень. Яна стаяла на абочыне дарогі, падняўшы ўгору руку, каб не прайшоў міма, спыніўся аўтобус. У светла-зялёным плашчы, белай пуховай шапачцы. «Як дзьмухавец», – падумаў чамусьці весела ён. Параўняўшыся з ёю, спыніўся, як спыняўся кожнаму, хто хацеў пад’ехаць, зусім не думаючы, што гэта спыняе яго лёс. Адчыніў дзверцы, і «дзьмухавец» не ўскочыў, а як бы лёгенька ўляцеў у аўтобус.
І ў аўтобусе адразу ж зрабілася весела, а ў яго, шафёра, зайграла на душы музыка. Ды такая, што хацелася спяваць. І ён ехаў упэўнена, абмінаючы выбоіны, лужыны, абганяючы спадарожныя машыны.
«Хто яна такая? – не пакідала яго, хвалявала думка. – Першы раз бачу, першы раз падвожу».
Калі праз нейкі час яна падышла да дзвярэй, каб заплаціць за праезд, ён не мог падняць вачэй, паглядзець ёй у твар. Такое здарылася з ім упершыню. «Чаму б гэта?» – падумаў. Звярнуў увагу толькі на яе рукі: яны былі надта маленькія, быццам дзіцячыя, і кволыя-кволыя.
(152 словы)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Дзеці на парашутах
Пераказы, дыктанты → Дзьмухавец