Многа цацак і кніжак ёсць у Сяргейкі. Але хлопчыка больш за ўсё цікавіць дзедаў жоўты чамадан. Чамадан гэты стары, ручка абтрапаная, абматаная вяровачкай. Ляжаць там вельмі цікавыя рэчы: слясарныя ключы, адвёрткі, напільнікі, нож, малаток, шурупы, цвікі, гайкі, вінцікі, краны.
Сяргейкаў дзед Павел Васільевіч працуе слесарам-водаправодчыкам. Яшчэ яго называюць санітарным тэхнікам. А ў чамадане ляжаць яго інструменты.
Праца дзеда вельмі патрэбна людзям. Вось у кватэры зламаўся кран, засвістала вада. Тады бягуць да дзеда, просяць дапамагчы. Павел Васільевіч хапае жоўты чамадан і спяшаецца на выручку.
Дзед кажа, што струменьчык вады таўшчынёй з саломінку за суткі вялікую бочку напоўніць. А гэту чыстую ваду здалёк па трубах у горад гоняць.
Паўла Васільевіча ўсе ведаюць і паважаюць у доме. Ідзе дзед па двары, а людзі з ім вітаюцца, пра здароўе распытваюць.
Часам і Сяргейка ходзіць з дзедам Паўлам на выклікі. Чамадан тады нясе не дзед, а ўнук. Знаёмым Павел Васільевіч кажа, што ідзе на працу з памочнікам. Хлопчыку вельмі прыемна гэта чуць. Няхай ведаюць, што і Сяргейка хоча рабіць людзям дабро.
(168 слоў)
(Паводле В. Хомчанкі)
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Дзіўны дзед
Уладзіслаў Галубок → Уладзіслаў Галубок - Забытая хатка
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Трывожны чамадан
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Казкі дзеда Васіля
Павел Місько → Павел Місько - Як дзеда дзялілі