Як цікава на Дзвіне, калі яна прачынаецца ад зімовага сну! То ўсё вакол было застылае, пакрытае снегавой беллю, а то раптам і рака, і ўзбярэжжа заблішчалі, заіскрыліся ад сонечнай ласкі. Лёд на рацэ набрыняў, запоўніліся вадой сцяжынкі, пракладзеныя людзьмі, пабольшалі палонкі.
Так і чакай цяпер: рака вось-вось узбунтуецца. Спярша пачуюцца грозныя раскаты, нібы стрэлы далёкіх гармат. Гул, падобны да ўздыху волата, пракоціцца ад краю да краю. Потым рака пачне ламаць і крышыць лёд, і ён, з шумам і трэскам адрываючыся ад берагоў, шугане па плыні.
На гэты раз Дзвіна зрушыла лёд раніцай. Цэлыя ледзяныя паляны церліся адна аб адну і глуха шамацелі. Калі які-небудзь ладны кавалак чапляўся за выступ берага, вада булькатала каля яго, як у гаршку ў печы. На адной вялікай крызе праплыла санная дарога, на другой – тырчаў разгалісты корч, на трэцяй – плыў паўразбураны будан з дошак і саломы.
(142 словы)
Паводле Т. Хадкевіча.
Похожие статьи:
Пераказы → У жніво
Пераказы → Па дарозе да Дзвіны
Пераказы → Водбліскі далёкіх бліскавіц
Пераказы → Сцежкі зубрыныя
Пераказы → Скрозь стагоддзі