Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Два позіркі на Пусю
Ці вядома вам, сябры, што навукай даказана: кошкі прыбаўляюць сваім гаспадарам аж дванаццаць гадоў жыцця? А тое, што таленты кошак – цыркавых артыстак – напрамую залежаць ад пароды і характару (таму дрэсіроўшчыкі, рыхтуючы цыркавыя нумары, не муштруюць жорстка сваіх гадаванцаў, а толькі ўмела выкарыстоўваюць іх прыродныя схільнасці)? Асабіста я гэтыя і іншыя цікавыя звесткі пра нашых пушыстых сяброў знайшла ў кніжцы Маі Гарэцкай «Разумніца Пуся», якую нядаўна выпусціла ў свет РВУ «Літаратура і мастацтва».
Пуся – гэта рэальная кошка. Яе гаспадыня, журналістка Мая Гарэцкая, з любоўю і гумарам расказала аб прыгодах, звычках і талентах сваёй пястухі. А зрокава ўявіць сабе вобраз гэтай ласкавай гарэзніцы чытачам дапамагла маладая мастачка, студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Данута Рунова. І зрабіла гэта таксама з любоўю і гумарам. Прычым настолькі шчыра, што нам нават захацелася распытаць яе аб рабоце над ілюстрацыямі да «Разумніцы Пусі» больш падрабязна.
– Данута, лічыцца, што спасцігнуць заканамернасці абаяння яшчэ цяжэй, чым заканамернасці прыгажосці. На вашых малюнках – вельмі абаяльная кошка. Можа, раскрыеце нам сакрэт абаяння «вашай» Пусі?
– Я ўсведамляла, што малюю для сучасных дзяцей і што рабіць гэта варта ў сучасным стылі. Але разам з тым адразу вырашыла адмовіцца ад камп’ютарнай графікі, якой, на мой погляд, не стае душы. З дзяцінства люблю ілюстрацыі савецкіх дзіцячых кніжак. Я іх перамалёўвала, рабіла ў іншым колеры, відазмяняла вобразы казачных герояў. Адным словам, тыя ілюстрацыі істотна сілкавалі маю фантазію. Таму і Пусю палічыла правільным маляваць «жывой» рукой.
– Ці ёсць у вас самой кошка?
– Толькі не кошка, а кот Барсік.
– І назіранні за ім дапамаглі лепш адчуць гераіню кніжкі Маі Гарэцкай?
– Хутчэй было некалькі інакш. Справа ў тым, што колькі сябе памятаю, заўсёды любіла коней, сабак, катоў, клапацілася пра іх. Думаю, менавіта гэтая любоў, гэтыя клопаты і дапамаглі мне ў рабоце над кніжкай пра Пусю. Я даўно заўважыла, што людзі, у якіх жывуць жывёлы, маюць больш шырокі і больш светлы позірк на свет.
Кніга, створаная журналісткай Маяй Гарэцкай і мастачкай Данутай Руновай, яшчэ раз пераканала мяне ў гэтым.
(321 слова)
(Паводле Г. Пшонік)
Похожие статьи:
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Алёшка і Кошка
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Колькі кіпцікаў у кошкі