Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дарога дадому

Варыянт 1 (250 слоў)

   Калі Ігнась прадраўся праз густыя кусты крушынніку, перад ім адкрылася нешырокая лугавіна, якая слалася між дзвюма сценкамі лесу ў адзін і ў другі бок. На лугавіне зелянеў роўны майскі травастой. Каля лесу трава была невысокая і рэдзенькая, дзе-нідзе, нібы зялёныя вожыкі, вытыркаліся буйнаватыя купінкі кругляцу. На другім баку лугавіны цямнеў алешнік, за ім цягнуліся ўверх кучаравыя хвоі ўперамешку са светла-зялёнымі бярозамі.
   За гэтым лесам – яго родная вёска! З грэбелькі ў яго вёску вядзе каляіністая дарога. Ступіш на яе – і менш чым праз гадзіну ты дома...
   Між прысадзістых цёмных елак у вочы кінуліся галінастыя кусты арэшніку. Там некалі малым шукаў ён у густой лістоце арэхі. Каб іх дастаць, падскокваў, хапаўся за таўставатую, не вельмі падатную галіну і лез уверх, пакуль яна не згіналася так, што яго ногі датыкаліся да зямлі. Уперадзе віднелася даўняя Ігнасева знаёмка: незвычайна вялікая, раздвоеная ад сярэдзіны, вельмі разгалістая хвоя. Малым ён збіраўся шукаць там гняздо дзікіх галубоў, што выпырхвалі з яе дупла.
   З гушчару Ігнась вельмі скора выйшаў на шырокія лугі-пералогі. Бязмежныя лугавыя прасторы раскінуліся ў паўднёвым ад вёскі баку.
   Родная вёска! Няўжо гэта сапраўды, а не ў сне бачыць яе ён сёння? Тут жа пад зычнае кігіканне кнігавак і многагалосыя жабіны хары хадзіў-гуляў ён некалі з касой, зграбаў у стагі мурожнае сена, сустракаў золкія росныя раніцы і ясную чырвань вячэрніх зарніц.
   Ігнась пастаяў каля лесу, прыслухаўся. Цішыня. Хілячыся бліжэй да хмызняку, пайшоў травяным грудам. Каля ясеневых кустоў убачыў знаёмае счарнелае вогнішча, сіўцовае куп’ё.
   Гэта вогнішча, гэта куп’ё – жывы напамін пра яго дзяцінства і маладосць.
 


 

Варыянт 2 (159 слоў)

   Калі Ігнась прадраўся праз кусты крушынніку, перад ім адкрылася нешырокая лугавіна. На другім яе баку цямнеў алешнік, за ім цягнуліся ўверх кучаравыя хвоі і светла-зялёныя бярозы.
   За гэтым лесам – яго родная вёска!
   Між прысадзістых цёмных елак у вочы кінуліся галінастыя кусты арэшніку. Там некалі малым шукаў у густой лістоце арэхі. Каб іх дастаць, падскокваў, хапаўся за таўставатую галіну і лез уверх, пакуль яна не згіналася так, што яго ногі датыкаліся да зямлі. Уперадзе віднелася незвычайна вялікая, раздвоеная ад сярэдзіны, вельмі разгалістая хвоя. Малым ён збіраўся пашукаць там гняздо дзікіх галубоў, што выпырхвалі з яе дупла.
   Родная вёска! Няўжо гэта сапраўды ён бачыць яе сёння? Тут жа пад зычнае кігіканне кнігавак, многагалосыя жабіны хоры хадзіў-гуляў ён некалі з касой, зграбаў у стагі мурожнае сена, сустракаў золкія росныя раніцы і ясную чырвань вячэрніх зарніц.
   Ігнась пастаяў каля лесу, прыслухаўся. Цішыня. Каля ясеневых кустоў убачыў знаёмае счарнелае вогнішча, сіўцовае куп’ё.
   Гэтае вогнішча, гэтае куп’ё – жывы напамін пра яго дзяцінства і маладосць.

Паводле К. Цвіркі

 

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Шляхі-дарогі

Пераказы, дыктантыДумкі ў дарозе

Пераказы, дыктантыЗімовыя дарогі

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Успамін аб лепельскай дарозе

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - На пыльнай дарозе