Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дапамаглі
Сябры Міця і Валерка выйшлі з вагона, перайшлі чыгуначныя пуці і амаль адразу ж апынуліся ў лесе. Мясціны гэтыя былі добра знаёмы і Міцю, і Валерку. Разам з бацькамі яны часта прыязджалі сюды ў грыбы і ягады.
Мінуўшы лагчынку, дзе моцна пахла ігліцай, мохам і грыбамі, сябры выйшлі на вялікую прагаліну, парослую светла-зялёным чарнічнікам. На ягадніках карміліся чародкі драздоў. Спелыя ягады тут былі абабраныя, заставаліся толькі дробныя і зялёныя. На вышэйшых мясцінах трапляліся цэлыя вывадкі жоўтых лісічак. Неўзабаве вёдры ў хлопцаў былі напоўнены імі амаль напалавіну. Больш лісічак сябры не бралі. А можа, баравікі трапяцца!
Трэск сухога галля прымусіў хлопчыкаў прыслухацца. Зусім блізка пачуўся тупат, і з кустоў выйшла ласіха. Валерка хацеў нешта крыкнуць, але ад страху страціў голас.
Ласіха стаяла як укопаная. Яна часта дыхала, запалыя бакі яе хадзілі хадуном.
– Не бойся, – Міця паклаў руку Валерку на плячо.. – Ласі на людзей не нападаюць.
Хлапчукі саступілі лясному жыхару дарогу і падаліся ўправа. Але не паспелі яны зрабіць і двух дзясяткаў крокаў, як ззаду зноў пачуўся тупат. Ласіха забегла ім наперад. На гэты раз хлапчукі здагадаліся, што ў ласіхі здарылася нейкая бяда і яна просіць у іх дапамогі. Міця зрабіў да яе крок, і яна тут жа павярнула назад, пайшла ў драбналессе. Міця і Валерка рушылі следам. Так яны ішлі за ёю хвілін дзесяць. Нарэшце ласіха спынілася. Проста перад ёю, у глыбокай яме, зарослай дробнымі кустамі і ягаднікам, хлапчукі ўбачылі маленькае мышастае ласяня. Яно тапталася на цыбатых ножках, спрабавала выбрацца, але гэта яму ніяк не ўдавалася.
Міця з Валеркам моўчкі пераглянуліся, паставілі вёдры на зямлю і ўмомант скаціліся ў яму. Ласяня глядзела на дзяцей даверліва і нібы дапытліва.
Ласіха ўвесь гэты час неспакойна тапталася каля ямы і не зводзіла вачэй з хлапчукоў і малога.
Міця і Валерка дружна падхапілі ласяня. Яно ўсё задрыжала, потым пачало часта перабіраць нагамі, чапляючыся вострымі капыцікамі за край ямы. Яшчэ намаганне – і ласяня было наверсе.
Калі хлапчукі вылезлі з ямы, ласіха з ласянём адышліся ўжо далёка. Маці ішла наперадзе, высока ўзняўшы прыгожую галаву. Ласяня ледзь паспявала за ёю.
(334 словы)