Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Дакор

   Слон быў бедны і сумны. Пра волю ды пра гарачыя джунглі ён нават не мог успамінаць, бо нарадзіўся ў звярынцы. Вось ён стаіць паміж фанерных будак і цесных клетак перад натоўпам людзей і ледзь не трасецца ад холаду. Яго шэрая скура сям-там папраціралася, вушы звісаюць, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна, безнадзейна.
   Чалавек у шэрай вушанцы быў шчаслівы і трохі сентыментальны. Ён узвышаўся над натоўпам. У вялікіх руках чалавека былі цёплыя дзіцячыя рукі. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія дзяўчынкі ў шэрых шубках ішлі побач з высокім бацькам па мокрым снезе, час ад часу прасіліся на рукі. I весці малых, і паднімаць іх было нязручна, бо перашкаджаў пакунак.
   Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, перад сном расказваў ім усякія цуды пра тое, што яны ўбачаць. I толькі калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў ні для мішкі, які проста так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, таксама прывучаных да ласункаў. Што ж тут рабіць?
   Заапарк размясціўся на пустыры. Паблізу быў толькі адзін кіёск, але там не знайшлося нават пазліпаных падушачак. Прадавец параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, быў зроблены мяшэчак і ўвесь напоўнены засушанымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў.
   Але зноў бяда! З пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, ды яшчэ і частавацца з мяшэчка ніхто не хоча. Самы вясёлы мішка, што аж нос ушчэмлівае паміж жалезнымі прутамі, просячы цукру, тыя грушкі ды яблыкі толькі панюхаў. Не захацелі іх есці і малпы. Малыя гойсалі, а старэйшыя адсунуліся ў самы куток клеткі і, адвярнуўшыся, нешта жавалі.
   Так і дайшлі тата з дзяўчынкамі да слана. Шчаслівы бацька сабраўся пакарміць гэтага здаравілу на радасць сваім дачушкам. Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану. Бацька ведаў, што на канцы хобата ёсць адростак-палец. Калі слон індыйскі, то ў яго адзін такі палец, афрыканскі слон мае два адросткі. У гэтага слана было два адросткі. Кажуць, імі ён можа развярнуць пліты тратуара, нібы ломам. Пальцы такія спрытныя, што, мусіць, нітку ў іголку зацягнуць. Зараз слон пачне на пацеху дзяўчаткам браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ даўжэй, каб радасць расцягнулася.
   Маленькія слановыя вочкі глядзелі на чалавека з пагардай. А яшчэ ў іх былі бяздонныя сум і пакута, народжаныя беспрасветнай няволяй. Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічным рухам спрытна кінуў яго сабе пад нос, туды, дзе быў яго малы рот. Нават сківіцы, здаецца, не паварушыліся. Проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны жывот. Слон не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць, нібыта не з яго смяецца ўвесь натоўп.
   Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі дарослымі. Неўзабаве і яны павядуць сваіх дзетак да замкнутых у клетках звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той мяшэчак з сухафруктамі.
   Іх бацька пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Часам яму ўспамінаюцца маленькія слановыя вочы.
(480 слоў)

Паводле Я. Брыля.

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая