Веліч Налібоцкай пушчы можна адчуць хіба што з вышыні Замкавай гары ў самім Навагрудку. Напэўна, гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе адчуванне вышыні і адчуванне самой гісторыі, нібыта тыя два крылы, зліваюцца ў адно цэлае, дзе рэзка абвастраецца зрок і на ўсё ты глядзіш нібы праз разрэз вачэй самога Міндоўга. Відаць, падсцерагаюць чалавека тыя моманты, калі ён нечакана пачынае глядзець іншымі вачамі на даўно знаёмыя абсягі, рушачы рамкі часу, абдымаючы прасторы, быццам прыўзняўшыся на крылах. Штосьці падобнае адчуваў і я, стоячы ля халаднаватай цэглы былой вежы магутнага сярэдневяковага замка тым летнім днём, углядаючыся ўніз на размахі зялёных пушчанскіх крылаў. Было выразна чуваць, як нязвычна тахкае ў грудзях сэрца. З вышыні пушча і на самай справе выглядала непрыступна і велічна. То грозна, то далікатна, але размашыста і рашуча хвалістымі ўзгоркамі і лагчынамі паўставалі перад вачыма яе векавечныя абшары. І згадвалася наша гісторыя, далёкая і блізкая.
Гэта і сапраўды найвышэйшае месца ў Беларусі, дзе чалавеку вельмі проста адчуць і веліч самой гісторыі, і веліч сваёй уласнай годнасці. Там, ніжэй, у зялёнай нетравай бязмежнасці, разрэзанай яркай блакітнай маланкай Нёмана, крыжаваліся мячы, свісталі дзіды ды звінелі косы.
А пачынаецца наш славуты Нёман на Уздзеншчыне. І да самай Балтыкі нёманскія берагі авеяны славай вялікіх бітваў, памятных паходаў ды перапраў. Вада цячэ, як і час, мяняецца. І справядліва кажуць, што нельга двойчы ступіць у адну і тую ж ваду. А вось берагі застаюцца нязменнымі. У іх свая памяць, хоць сляды з часам і знікаюць, хоць вырастаюць новыя дрэвы і мяняецца рэчышча...
Шуміць, гайдае свае кроны векавечная пушча.
(253 словы)
(Паводле К. Камейшы)
Похожие статьи:
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Сяўба
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніца
Биографии → Язэп Пушча
Язэп Пушча → Язэп Пушча - На возеры
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...