Ярка-чырвонае сонца адарвалася ад лесу, асвяціла наваколле. На траве, куды ні глянь, бурштынам зіхацяць кроплі расы. Яны мільгацяць, пераліваюцца рознымі колерамі і калышуцца на высокіх ножках мятліцы і асакі.
На празрыстай вадзе заблішчалі першыя промні ранняга сонца. Нёман паскорыў свой бег, спяшаўся кудысьці. Знянацку над вадою з’явіліся імклівыя беражанкі. Яны то ўзнімаліся ў вышыню, то кідаліся ўніз, крылом краналі ваду. Штосьці чырыкнуць па-свойму, па-беражанчынаму, і зноў узлятаюць.
А сонца ўжо над лесам. Знікла чырвань. Яркія промні грэюць мне твар. Вербы і явары прачнуліся і бадзёра ўзнялі голле да цёплых ласкавых промняў. Усё наваколле спявала, цешыла музыкай: Нёман манатонна нашэптваў свае адвечныя песні роднага краю; вербы шамацелі лісцем, спявалі славу сонцу і вадзе; птушкі пераліваліся на розныя галасы, услаўлялі лета, сонца, дрэвы; ад розных мух звінела ў паветры; мурашкі, спяшаючыся, але не абганяючы адна адну, паўзлі па шурпатым ствале вярбы.
Шчасце было слухаць гэты цудоўны шматгалосы гімн непераможнаму жыццю.
(151 слова)
Паводле Я. Крамко
Я ўладкаваўся на беразе Нёмана, каб сустрэць світанак. Сядзеў і чакаў.
Хутка на ўсходзе неба пасвятлела. Парушыў цішыню першы пошчак салаўя. На старой ліпе загаманілі буслы, і іх клёкат рэхам адазваўся ў бары. Павольна праляцела чапля і прагаварыла нешта скрыпучым голасам. Усё ў прыродзе спявала, цешыла слых дзіўнай мелодыяй. Нёман спяваў калыханку роднага краю. У шамаценні лісця чулася ўсхваленне сонцу і вадзе. Птушкі пераклікаліся на розныя галасы, услаўлялі лета і цяпло. Ад мошак звінела ў паветры. Мурашкі шасталі па шурпатым ствале вярбы.
Шчасце было слухаць гэты шматгалосы гімн жыццю.
(91 слова)
Паводле Я. Крамко
Похожие статьи:
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Галоўны дворнік
Максім Лужанін → Максім Лужанін - На ўсходзе сонца
Якуб Колас → Якуб Колас - Усход сонца
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Хто памагае сонцу
Пераказы → Сонца не стаіць на месцы