Груша-дзічка – мой пропуск у дзяцінства. Як забаронны знак, як перасцярога, як стоп-сігнал спачатку выплывае гэты малюнак, і толькі потым расчыняецца брама ў далейшыя ўспаміны, найперш усё-такі звязаныя з гэтым дрэвам пасярод поля.
Як бы ні мільгацелі за акном краявіды, перад маімі вачыма быў адзін, той: зялёная груша-дзічка пасярод жоўтага поля. Па некалькі метраў вакол дзічкі трактарысты не заворвалі, пакідалі лапік зямлі, які заўсёды ярка зелянеў густою, упартаю травой. Колькі б мы ні тапталі яе, як бы ні зміналі, яна ўставала, адыходзіла за ноч і да самай зімы заставалася нязменнаю. Здавалася нават, што і пад снегам не адмірала яна зусім, бо з ранняй вясны была тут высокаю і зялёнаю, як нідзе.
Дзічка была ў камлі тоўстаю – мы ледзь-ледзь абдымалі яе, узяўшыся за рукі, і ад самай зямлі пачыналася ў ёй і цягнулася метраў на два дупло. Некалі нехта расклаў пад ігрушаю вогнішча і пакінуў яго – мо хто з трактарыстаў, якім абрыдла абворваць дрэва, а мо хтосьці проста забыўся патушыць агонь. Але груша не здалася, здужала і жыла з дуплом. Вось у гэтае дупло і любілі мы хавацца, калі гулялі ў хованкі. Усе пра яго ведалі і, нягледзячы на тое, што шукаць ішлі найперш сюды, кожны раз некалькі хлопцаў кідалася да дупла. Унутры дупло было чорным, аднак сажа ўжо не бралася, бо вышмальцавалася-выслізгалася да бляску. Дупло было скразное, навылёт, а значыць, мела два ўваходы-выхады, і ў таго, хто хаваўся ў ім, заўсёды быў шанц выскачыць непазнаным і перагнаць таго, хто шукае.
Праязджаючы паўз сваю вёску, якая хавалася за лесапаласою, я хацеў угледзець з акна вагона дзічку, узіраўся пільна, аднак не ўбачыў з-за дрэваў нават ніводнае хаты. Захваляваўся, але адразу ж супакоіў сябе: сцяжына ў бок вёскі пратаптана. Значыць, вёска жыве, а раз жыве вёска, то павінна жыць і дзічка.
(287 слоў)
Паводле Б. Пятровіча
Похожие статьи:
Пераказы → Груша
Янка Брыль → Янка Брыль - Дзічка
Пераказы → Дзічка
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Дзікая груша
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дзічка