Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - Дзічка

Увага!!! Поўны змест


   Паказаў мне яе вясковы пастух. Знаходзілася дрэўца непадалёк ад вёскі ў непралазным драбналессі. Колькі разоў я ў ім быў, а вось жа не трапіла на вочы.
   Яблыкі на дзічцы былі буйныя і чырвоныя-чырвоныя. Вісяць на галінках бы тыя ёлачныя шары.
   Усю восень я наведваў дзічку. Прыйду, пасяджу на мяккім сіўцы пад дрэўцам і пайду.
   Часам я тут заставаў стракатую сойку, траскатуху-сароку, дзятла. А аднойчы нават і вожыка сустрэў. Па якой ён тут справе быў, невядома.
   Прыйшоў я пад дзічку і зімою. Як і ўсе дрэўцы навакол, яна стаяла голая, глыбока патанаючы ў пульхным снезе. Толькі – вось дзіва! – слядоў пад яблынькай было значна болей, чым пад якім іншым дрэвам.
   Значыць, я быў не адзін. Месячнай ноччу адведаць дзічку на палянку прыбягалі зайцы-белякі, нечага тапталіся панурыя дзікі, скакалі рыжыя вавёркі.
   А рагач-лось дык нават ніжнюю галінку адшчыкнуў, каб пераканацца, што дрэўца не замерзла, жывое.
   А гэта азначае, што наступным летам яно зноў парадуе ўсё лясное насельніцтва сваімі чырвонымі яблыкамі.

Похожие статьи:

Янка БрыльЯнка Брыль - Дзічка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка