Мінск – горад зеляніны. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны нельга было паверыць у зялёнае мора на яго вуліцах. А пасля пачалі прывозіць і высаджваць на яшчэ не зусім расчышчаных вуліцах саракагадовыя ліпы, насыпалі, гацілі мокры бераг Свіслачы, на якім зараз шуміць парк і стаіць Літаратурны музей Янкі Купалы. А якім дзівосным стаў батанічны сад з яго разнастайнасцю дрэў, хмызоў, кветак!
Не буду нічога казаць вам, калі вы не мінчане, пра праспект Незалежнасці – цэнтральную вуліцу даўжынёю ў восем кіламетраў, шырынёю ў пяцьдзясят метраў, пра цудоўныя яго будынкі. Прыедзеце, убачыце самі.
Праедзьце па ім абавязкова! Ад плошчы Незалежнасці з Домам урада, праз Кастрычніцкую плошчу, дзе вас авее прахалодай з Купалаўскага скверыка і дзе ўбаку вы ўбачыце тэатр імя паэта і танк – помнік танкістам, што першыя ўвайшлі ў Мінск у ліпені тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага. А пасля аўтобус памчыць вас паўз Свіслач, пакружыць ля абеліска Перамогі. І далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між маладзенькіх бярозак, ля філармоніі, міма цёмнахваёвага парку Чалюскінцаў і Нацыянальнай акадэміі навук, кінастудыі «Беларусьфільм»...
(169 слоў)
Паводле У. Караткевіча
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Прывакзальная плошча
Пераказы, дыктанты → Мінская ратуша
Пераказы, дыктанты → Мінскі метрапалітэн
Пераказы, дыктанты → Мінскі чыгуначны вакзал
Пераказы, дыктанты → Няміга