Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гаспадар таёжных маліннікаў

   Я заблудзіўся ў тайзе. Ліпнёвае сонца ледзь прабівае лясны гушчар – змрочна, парна і вусцішна. Сінявата-зялёныя хвашчы з чорнымі падпалінамі на суставах выцягнуліся ў чалавечы рост, шастае і хапае за рукавы трава-разун, на колішніх выгарах разлапушыўся і ківае ружовымі султанамі скрыпень. Мітусіцца, гудзе і дзынкае плойма сытых аваднёў. Нячутна прыліпаюць шэрыя сляпні і тупым болем працінаюць змакрэлыя плечы. Замшэлыя вываратні пазавальвалі ледзь прыкметныя лясныя сцежкі.
   У такой гушчэчы апаноўвае страх. Нават самаму разважліваму чалавеку пачынаюць вярзціся лесуны і страшыдлы: разгаты выварацень здаецца ўчэпістым павуком, сухая галіна – яшчарам, струхлелы пень – зеленабародым лесавіком. Тахкае, аж заходзіцца сэрца. Падыдзеш бліжэй, усміхнешся, а на цябе з таёжных завалаў ужо глядзяць новыя пачварныя прывіды.
   Зноў лезу ў гушчар: няхай трохі пахвошча вецце ссечаную сляпнямі і аваднямі спіну. Перапаўзаю цераз аслізлыя, замшэлыя вываратні. Ой! Здаецца, наперадзе трошкі пасвятлела. Прадзіраюся праз калючы шыпшыннік, густы падлесак, расхінаю вецце – і спыняюся расчараваны. Над маленькім, зацягнутым слізкім жабурыннем азярцом прабілася сонца, берагі абступіў густы сіняваты чарот, і, як змяіныя галоўкі, пагойдваюцца аксамітна-карычневыя таўкачыкі. У цёмную ваду плюхаюцца і крумкаюць спалоханыя рапухі. За азярцом густа сплёўся маліннік. Буйныя ягады згінаюць вецце і п’яняць салодкім духам. Тут, відаць, ніхто не сарваў ніводнае ягадзіны: пераспее, асунецца і датлее на волкай зямлі. А малін – аж чырвана. Жменямі сасмыкваю халаднаватыя замглёныя чашачкі, каб хоць трохі прагнаць смагу, адысці ад стомы і супакоіцца.
   А можа, недзе побач, у гэтым малінніку, шастае іх спрадвечны гаспадар – мядзведзь? Куды тады дзецца, як ратавацца? Успамінаюцца таёжныя выпадкі і здарэнні, але нічым не магу суцешыцца. Прыгадалася, як надоечы наша селавая бабылка цётка Дуня пайшла ў маліны, убілася ў такі ягаднік – канца-краю не відно. Набрала вядзерца, а маліны, чым далей, тым буйнейшыя і спялейшыя. Прагны чалавек на дармаўшчыну. Ну як тут пакінеш? Браць няма куды, а яна ўсё латошыць ды жменямі ў рот, у рот: дай, думае, хоць наемся ўволю. Аж чуе, нехта шамель-шамель па малінніку. Толькі падумала: «Няўжо і сюды дапялі кардонаўскія ягадніцы?» – проста на яе прэцца нешта вялізнае і калматае; нагне лапаю куст – сасмоктвае сабе ягады. Падхапіла баба вядзерца ды ходу. Выцерабілася з гушчэчы. Куды кінуцца? Аж тут, як на тое шчасце, стаіць сагнутая бярэзіна. Шкода кідаць вядзерца, а хіба ж з ім уздзярэшся? Паставіла каля камля і спрытна, нібы каланок, узлезла на самую сярэдзіну. Адкуль тая і сіла ўзялася? Бярэзінка гойдаецца пад ёю, рукі дрыжаць, ледзь ліпіць цётка Дуня. А ён, крывалапы, валюхаецца з боку набок і павольна ідзе да яе. Задраў пысу, панюхаў, чмыхнуў, глядзіць, нібы ўхмыляецца маленькімі вочкамі, пакаціў вядзерца, лёг на траву і трушчыць сабе маліны на поўную зяпу, выграбае лапай і хрумстае. Мядзведзь аблізаўся і, не раўнуючы, як малое дзіця, пакаціў вядро, біў, біў лапаю па баках, пакуль не спляскаў у аладку. Зірнуў на бабку і давай куляцца цераз галаву. Ляжа на спіну, перабірае лапамі, пераваліцца з боку на бок, стане на заднія лапы і «служыць», як тое шчанё. Малады яшчэ, дурэць, відаць, любіў.
   Рукі ў старой дранцвеюць, а сядзіць, трымаецца. Так да змяркання пацяшаў бабку Дуню гаспадар таёжных маліннікаў. Потым устаў, атросся, пазяхнуў і падаўся ў гушчар.
   Усё гэта ўспомнілася ў адну хвіліну. I я сабе нагледзеў сагнутую бярэзінку, пастаяў, прыслухаўся. Толькі шамаціць чарот над возерам ды крумкаюць жабы. Зырка смаліць сонца, соладка пахне маліннікам і настоенай на леташнім лісці вадой азярынкі.
   Але любавацца дзікай прыгажосцю няма калі – трэба некуды прабівацца, каб хоць завідна выйсці з гэтае гушчэчы.
(543 словы)

Паводле С. Грахоўскага.

Похожие статьи:

БиографииСяргей Грахоўскі

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Прызнанне

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Стары млын