Вясна прыносіла заўсёды свой мікраклімат. З паўднёвага, сонечнага, боку хаты капяжы аж заходзяцца ад сонца і цеплыні, прызба адтала – на ёй можна пасядзець, пагрэцца, нават зняць шапку і расшпіліць кажух. А на паўночным баку капяжы аж сцяліся ад марозу, там яшчэ гурбамі ляжыць снег, зіма настойліва лезе пад шапку – шукае твае вушы. Гэта трохі пасля вада пойдзе пад снегам, тады ўжо ўзбоч дарогі трэба ступаць асцярожна – так і глядзі: ускочыш у ваду па самыя калені. Потым загамоняць ручаі: на ноч яны будуць перасыхаць, як, скажам, горныя рэкі, калі няма ў гарах дажджоў, а раніцою прачынацца і паціху-паціху запаўняць свае рэчышчы – аж пакуль не загамоняць сапраўдныя віры. А пасля ўжо разыдзецца і Вуллянка: яна робіцца шырокай, сапраўднай ракою, не месціцца нават у сваіх берагах і залівае луг па самыя акопы. Яна цэлы дзень шуміць, бурліць, на штосьці злуецца пад зарэчанскім мостам і не супакойваецца нават на ноч. І тады, засынаючы, усё яшчэ чуеш: рака варочаецца ў берагах, і імкнешся зразумець, што Вуллянка хоча сказаць і на каго яна так раззлавалася, разбушавалася...
(170 слоў)
Паводле Я. Сіпакова
Похожие статьи:
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы, дыктанты → Сустрэча вясны
Пераказы, дыктанты → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Пераказы, дыктанты → Прыход вясны
Пераказы, дыктанты → Гуканне вясны