У гісторыі беларускай культуры першай паловы ХХ стагоддзя дастойнае месца займае імя Язэпа Драздовіча. Яно стаіць у адным шэрагу з такімі вядомымі прозвішчамі, як браты І. і А. Луцкевічы, Б. Эпімах-Шыпіла, М. Багдановіч, В. Ластоўскі, Я. Купала і іншыя. Яго імя амаль што на 30 гадоў было забыта, пакуль не выйшла з друку кніга А. Ліса «Вечны вандроўнік».
Драздовіч Язэп Нарцызавіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў збяднелай шляхецкай сям’і ў засценку Пунькі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Сям’я Драздовічаў не мела сваёй зямлі і вымушана была арандаваць яе, пераязджаючы амаль што праз кожныя тры гады на новае месца. Калі Язэпу споўнілася два гады, памёр яго бацька. Выхоўвала дзяцей маці. З замілаванасцю слухаў Язэп беларускія песні, якія спявала яна вечарамі. Яна вучыла сваіх дзяцей быць патрыётамі, любіць Бацькаўшчыну. Запомніліся будучаму мастаку цікавыя народныя паданні пра курганы-валатоўкі, у якіх пахаваны старажытныя асілкі – абаронцы роднай зямлі. Усё гэта нараджала ў думках хлопчыка вобразы адважных і магутных змагароў. Народныя песні, казкі, легенды і паданні натхнялі хлопца цікавіцца гісторыяй роднага краю, Беларусі, ганарыцца сваёй мовай.
У 1906 годзе Я. Драздовіч паступіў вучыцца ў Віленскую школу малявання, якую закончыў праз два гады. Кіраваў школай акадэмік Іван Трутнеў. Тут, у школе, былі зроблены першыя малюнкі – «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брамка будучыні». Падчас летніх канікул вучні рабілі замалёўкі краявідаў знакамітага Тракайскага замка, Вільні, малявалі пейзажы каля рэк Дзісна і Вілія. У гэты час Язэп Драздовіч пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй беларускай газеты «Наша ніва». Ён маляўніча аздобіў вокладкі «Беларускага календара на 1910 год», кнігі К. Буйло «Курганная кветка».
(253 словы)
Паводле Ю. Малаша
Похожие статьи:
Пераказы → Мастацтва служэння дабру
Пераказы → Недасяжная
Пераказы → Малюнак
Пераказы → Язэп Драздовіч
Пераказы → Красавік – мастак