Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выратаваная буслянка

Варыянт 1 (242 словы)

   Калі бой за сялом сціх і фашысты, хто з іх выжыў, уцяклі, вясковыя людзі ўбачылі: гарыць старая высокая ліпа. На вяршыні дрэва прыляпілася буслянка. Бусляняты бездапаможна высоўваліся з гнязда, махалі крыламі. А над імі кружылі, то кідаючыся ўніз да гнязда, то ўзвіваючыся ўвысь ад полымя, ашалелыя ад роспачы бацькі-буслы. Палалі навокал вясковыя хаты. Яшчэ можна было выхапіць з агню хоць які вясковы скарб, што застаўся яшчэ цэлым. Аднак людзі пра бяду сваю забыліся, а бачылі толькі гэту ў бурным полымі ліпу.
   Усе да аднаго без ніякай каманды ці загаду кінуліся ратаваць безабаронных птушыных дзяцей. Усе: і дарослыя, і дзеці – хто як мог, у чым толькі маглі, неслі ваду. Хутка пажарная трывога была скончана. Ліпа хоць і стала чорная, абвугленая, але бусляняты засталіся цэлыя. І буслы, не зважаючы на тое, што побач трашчыць і шугае полымя (яшчэ гарэлі хаты), кінуліся ў сваё гняздо да дзяцей. Яны распасціралі свае шырокія крылы і абмахвалі імі буслянят, асцярожна дзюбамі прабавалі, ці здаровенькія яны. Мусіць, упэўніўшыся ў тым, што з іх дзеткамі ўсё добра, сталі ўзносіць хвалу людзям. Высока ўскінуўшы галовы, заліваліся клёкатам, то меладычна-журботным, то ўрачыста-шчымлівым. Нібы спявалі працяглую песню добрым людзям за абарону і ласку.
   Людзі збіліся ў адзін гурт і, задаволеныя сабой, з радасцю глядзелі на буслоў. Гэта быў адзін з тых шчаслівых момантаў, калі пачуццё любасці да жыцця ўзвышае душы людзей, робіць іх больш адкрытымі, чыстымі і асветленымі, калі адчуваецца благаславенне на новую мужнасць у імя ўсяго жывога на зямлі.
 


 

 Варыянт 2  (219 слоў)

   Калі бой за сялом сціх і фашысты, хто з іх выжыў, пабеглі, усе нашы, вясковыя людзі і байцы, убачылі: гарыць старая высокая ліпа. На вяршыні дрэва прыляпілася буслянка. Бусляняты бездапаможна высоўваліся з гнязда. Над імі кружылі, то кідаючыся ўніз да гнязда, то ўзвіваючыся ўвысь ад полымя, ашалелыя ад роспачы буслы. Палалі навокал хаты. Яшчэ можна было выхапіць з агню вясковы скарб, які застаўся, але людзі пра бяду сваю забылі, а бачылі толькі гэтую ліпу ў бурным полымі.
   Усе да аднаго без ніякай каманды ці загаду кінуліся ратаваць безабаронных птушыных дзяцей. Хто як мог, у чым толькі маглі, неслі ваду. Пажарная трывога закончылася. Ліпа хоць і стала чорная, абвугленая, але бусляняты засталіся цэлыя. І буслы, не зважаючы на тое, што побач трашчыць і шугае полымя (яшчэ гарэлі хаты), кінуліся ў сваё гняздо да дзяцей. Яны распасціралі крылы і абмахвалі імі буслянят, асцярожна дзюбамі правяралі, ці здаровенькія яны. Мусіць, упэўніўшыся ў тым, што з іх дзеткамі ўсё добра, сталі ўзносіць хвалу людзям. Высока ўскінуўшы галовы, яны заліваліся клёкатам, то меладычна-журботным, то ўрачыста-шчымлівым. Нібы спявалі працяглую песню добрым людзям за абарону і ласку.
   Людзі збіліся ў адзін гурт і, задаволеныя сабой, з радасцю глядзелі на буслоў. Гэта быў адзін з тых шчаслівых момантаў, калі пачуццё любасці да жыцця ўзвышае душы людзей, робіць іх больш адкрытымі і чыстымі.
 


 

 Варыянт 3 (142 словы)

   Калі бой за сялом сціх і фашысты, хто з іх выжыў, пабеглі, вяскоўцы ўбачылі: гарыць старая высокая ліпа. На вяршыні дрэва прыляпілася буслянка. Бусляняты бездапаможна высоўваліся з гнязда. Над імі кружылі, то кідаючыся ўніз да гнязда, то ўзвіваючыся ўвысь ад полымя, буслы. Палалі навокал хаты. Яшчэ можна было штосьці выхапіць з агню, але людзі пра бяду сваю забылі, а бачылі толькі ў бурным полымі ліпу.
   Усе кінуліся ратаваць птушыных дзяцей. Хто як мог, у чым толькі маглі, неслі ваду. Пажарная трывога была скончана. Ліпа стала чорная, абвугленая, але бусляняты засталіся цэлыя. I буслы кінуліся на гняздо да дзяцей. Яны распасціралі крылы і абмахвалі буслянят, асцярожна дзюбамі прабавалі, ці здаровенькія яны. Мусіць, упэўніўшыся, што з іх дзеткамі ўсё добра, сталі ўзносіць хвалу людзям. Высока ўскінуўшы галовы, заліваліся клёкатам, то меладычна-журботным, то ўрачыста-шчымлівым. Яны спявалі песню добрым людзям за абарону і ласку.
 

Паводле К. Кірэенкі

 

Похожие статьи:

ПераказыГолас аргана

ПераказыГолас крынічкі

ПераказыСтронга

ПераказыРыбацкае шчасце

ПераказыЯзь