Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выпадак на паляванні

   У лесе, змярцвелым і суровым, было зацішна і нават цёпла. Васько пачуў, як насцярожана, глуха шуміць вецер недзе ў вершалінах, хоць яны застылі ў дзіўнай нерухомасці. Аснежаныя, ціснуліся да дарогі маладыя яліны. Сям-там над дарогай гнуліся доўгія ляшчыны, нібы святочныя аркі, таксама заснежаныя і велічныя. Зрэдку драбняк адступаў, і тады відаць былі камлі старых ялін, прыгнутых ад снегу. І ўсюды белы-белы пульхны снег, дзе-нідзе зацярушаны шалупіннем ад шышак – дзятлава або вавёрчына работа.
   Недзе за спінай у лесе аднастайна і часта стукаў дзяцел. Імкліва праляцела чародка снегіроў, апусцілася на хмызняк ля рэчкі.
   Вось тады Васько і ўбачыў лісіцу на тым баку рэчкі, сярод поля. Яна бегла неяк бокам, распушыўшы хвост і нізка прыгнуўшы галаву. Лісіца мышкавала. Занятая такой важнай справай, яна нічога не заўважала вакол і, не прадчуваючы бяды, набліжалася да рэчкі.
   «Чакай жа, галубачка, я цябе заманю бліжэй», – падумаў Васько і крадком пайшоў ў хмызнякі, дзе нядаўна сталаваліся снегіры. Там ён прыладзіўся між дзвюх каржакаватых хваін. Трымаючы напагатове стрэльбу, паціху пасвістваў, пераймаючы мышыны піск.
   Лісіца доўга не звяртала ўвагі на яго папіскванне, потым стала, наструніўшы цела, і раптам пайшла ў яго бок, прыпадаючы да зямлі і нюхаючы паветра. Час ад часу яна спынялася – можа, ёй здавалася, што гэта пішчаць не мышы, а нехта яшчэ. Але Васько ведаў, што яе, як і яго, захапіў паляўнічы азарт. Цяпер лісіца не адступіцца, пакуль не знойдзе тое месца, дзе пад снегам хаваюцца мышы-палёўкі.
   Праз заснежаныя лапы хваін Васько добра бачыў лісіцу, асветленую сонцам, зграбную, прывабную ў сваім рыжым уборы, зусім нейкую па-хатняму свойскую, далікатную і прыгожую. Вось яна падышла да берага рэчкі (між імі было метраў пяць, не больш), навастрыла вушы. Васько зноў, пераймаючы палёўку, ціхенька піскнуў разы са два, не зводзячы вачэй з лісіцы. Яна неяк здзіўлена задрала вострую мордачку – мабыць, ніяк не магла зразумець, чаму мыш пішчыць уверсе, – і раптам сустрэлася чорнымі вачыма з вачыма чалавека, замерла, з цікавасцю прыглядаючыся да гэтага дзіва. Васько бачыў у лісіных вачах толькі цікаўнасць – ні страху, ні збянтэжанасці, адна цікаўнасць. Так, вочы ў вочы, яны глядзелі адно на аднаго некалькі імгненняў – чалавек і звер. Васько ўвесь час трымаў стрэльбу напагатове, але забыўся на яе. Лісіца проста па-чалавечы, як бывае, калі хочаш збавіцца ад наслання, паматала галавой і зноў паглядзела на паляўнічага. Таго разабраў смех.
   – Здарова, рыжая, – сказаў ён. – Як справы? Гуляеш?
   Лісіца кінулася ўбок, падмятаючы хвастом парошу і азіраючыся.
   – Уцякай, уцякай, рыжая! – крычаў ёй наўздагон Васько, ды лісіца не прыбаўляла кроку.
(401 слова)

Паводле А. Асіпенкі

 

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Дзікае паляванне караля Стаха - ГДЗ

Пераказы, дыктантыЦецерукі

Пераказы, дыктантыАпошні трафей

Пераказы, дыктантыУдалая засада

Пераказы, дыктантыНезвычайнае паляванне