Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Удалая засада

   Хлопцы блукалі па лесе ў пошуках якой-небудзь ежы. Сярод густога ельніку знайшлі ўтульную пляцоўку, пасярод якой было нацярушана шмат пер’я. Віктар агледзеў мясціну, перагледзеў пер’е і сказаў:
   – На гэтым месцы цецерукі збіраюцца такаваць, гуляюць, б’юцца. Каб паляўнічыя знайшлі такое месца, яны зараз жа зрабілі б тут засаду.
   – А можа і нам зрабіць? – узрадаваўся Мірон.
   – Што ты зробіш голымі рукамі? Цецярук асцярожны. Паляўнічыя звечара робяць буданы і цярпліва чакаюць усю ноч. У іх стрэльбы. А мы што будзем рабіць?
   – Калі нам вядома, што яны на гэтым месцы будуць скакаць ды біцца, то можна петлі параскідаць, – не супакойваўся Мірон.
   – Варта падумаць, – адказаў Віктар.
   Усю дарогу яны меркавалі, з чаго рабіць петлі. Аднак прыдумаць нічога не маглі. Рашэнне з’явілася, калі хлопцы вярнуліся на стаянку. Мірон, зірнуўшы на змяіную скуру, якая сушылася на галіне, раптам спыніўся і крыкнуў:
   – Прыдумаў! Парэжам гэтую скуру на тонкія паскі і зробім петлі.
   Спачатку хлопцы разрэзалі скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін. карпелі яны над гэтай справай, але зрабілі тое, што ім было патрэбна. Іх сілкі здавалія самымі дасканалымі ў свеце.
   Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было паглядзець, як пойдзе справа, але падумалі, што не варта пакутаваць усю ноч. Дапамагчы справе нічым не ўдасца, а спудзіць птушак могуць. Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.
   Віктар прачнуўся зацемна і чакаў раніцы каля вогнішча. Ледзь зашарэлася на ўсходзе, ён разбудзіў Мірона, і яны накіраваліся ў лес.
   Яшчэ здалёк пачулі ў тым баку гоман, пляскатанне, балбатанне, нібы там сабраўся нейкі натоўп. Хлопцы папаўзлі не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся.
   Падпаўзлі. Зірнулі. На палянцы білася некалькі пар цецерукоў. Ды так, што толькі пер’е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары такавік, чорны, з белымі палосамі на крылах. Навокал, на галінах, сядзелі рабыя цяцеркі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх. Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі.
   Усё гэта хлопцы заўважылі як бы адным зіркам, а калі прыгледзеліся больш пільна, то ўбачылі: у двух цецерукоў ужо заблыталіся ногі і птушкі бездапаможна бараніліся ад ворагаў. Вось зачапіўся і стары такавік, трывожна закрычаў, забіў крыламі і вырваўся.
   – Бяжым! Каб і тыя не вырваліся! – шапнуў Віктар.
   Лопат крылаў аглушыў хлопцаў. Спалоханыя птушкі мігам зніклі. А ў руках таварышаў засталіся два ладныя цецерукі.
(383 словы)

Паводле Я. Маўра

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая