Андрэй Макаёнак расказвае пра такі выпадак са сваёй ваеннай біяграфіі.
Ён быў у Крымскім дэсанце, на Керчанскім паўвостраве. Там яго раніла. Але яму пашанцавала, як нямногім з таго трагічнага дэсанта, – удалося пераправіцца на Каўказскі бераг, у франтавы шпіталь.
Рашэнне галоўнага хірурга ва ўмовах, калі навакол сотні параненых, калі няма часу доўга задумвацца над кожным, кароткае, простае: на аперацыйны стол. Суровы прысуд: ампутацыя абедзвюх ног. Можна ўявіць, што адчуў чалавек ва ўзросце дваццаці аднаго года пасля такога прысуду, – чалавек з фантазіяй, поўны душэўнай энергіі, высокіх парыванняў, імкненняў. Застацца без ног, калекам на ўсё жыццё… Але ўрач ніжэйшага рангу, які за двое сутак паспеў палюбіць жыццястойкага, вясёлага хлопца, што, нягледзячы на цяжкае раненне, знаходзіў сілы жартаваць, шапнуў Андрэю: «Не згаджайся на ампутацыю. Гангрэны няма. Ногі можна ўратаваць. Няхай эвакуіруюць у тылавы шпіталь».
Атакуючы незадоўга да свайго ранення нямецкія пазіцыі, Андрэй зняў з забітага нямецкага афіцэра парабелум і, як памятны трафей, прывёз яго ў палявой сумцы ў шпіталь. Калі прыйшлі ўрачы і санітары з насілкамі, каб забраць яго ў аперацыйную, Андрэй паказаў ім парабелум.
У шпіталі ўзняўся вэрхал: афіцэр, камісар роты пагражае пісталетам, абараняючы свае ногі. Збеглася ўсё начальства. Угаворы, пагрозы, хітрасці – нічога не памагло. Малодшы палітрук быў непахісны, і ніхто не адважыўся адняць у яго зброю.
Галоўнаму хірургу, напэўна, спадабалася такая своеасаблівая мужнасць маладога чалавека, і ён загадаў тут жа, на самалёце, разам з параненымі генераламі адвезці яго ў тылавы шпіталь. Ногі былі ўратаваны.
(233 словы)
Паводле І. Шамякіна
Похожие статьи:
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак - Трыбунал
Андрэй Макаёнак → Камедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора
Биографии → Андрэй Макаёнак
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора