Па сабе ведаю, што нейкія цэлыя падзеі, карціны-вобразы выклікаюцца, скажам, павевам у паветры свежавымытай бялізны, развешанай марозным сонечным днём на вяроўках сушыцца. Якія асацыяцыі будзіць адзін гэты пах? У мяне чамусьці – вострую свежасць агурочнага цвету і завязь першых агуркоў на градах, пазней далучалася адчуванне свежасці толькі што разрэзанага свежага кавуна.
А тонкі, невыказна ўражлівы цнатлівасцю сваёй расіста-жамчужнай чысціні пах ландыша! Цяпер, на старасці год, пачуць яго – гэта падзея, роўная для мяне далучэнню да вялікага душэўнага прасвятлення, як пачуць, скажам, раптоўны сярэбраны россып салаўінага рэха.
Пах і слых будзяць, жывяць і замацоўваюць у памяці падзеі і вобразы, якія па сваёй духоўнай сутнасці вельмі нечым дарагія для кожнага з нас. Многія дзясяткі год не магу забыць і ніколі не забудуся, як пасля вайны, прыехаўшы ў свае Еўлічы, адвячоркам на захадзе сонца я ішоў наведаць магілу бацькі. Свой настрой і думкі ў тую хвіліну я запомніў, мабыць, таму, што ўрэзаўся мне ў памяць пах цёплай раллі. Цішыня і некалькі нястройных жаночых галасоў, якія няўпэўнена спрабавалі падняць над полем песню, не столькі зрокавыя і слыхавыя прыкметы роднага мне краявіду, але, відаць, эмацыянальныя асацыяцыі. Яны замацавалі ў памяці і мой настрой, і развагі, што былі асабліва дарагімі і важнымі для мяне ў тыя хвіліны. Пра што я думаў, да якіх пачуццяў далучаўся душою – пра гэта пазней былі напісаны вершы "Край гасцінца" і "Ядлоўцавы куст".
Першыя замаразкі мне заўсёды пахнуць чыстай, свежавымытай палатнянай тканінай – настольнікамі, ручнікамі, прасцінамі.
Памятаю, як зласловілі калісьці крытыкі і парадысты над Кузьмой Чорным, праз усю творчасць якога праходзіць вострае адчуванне паху зямлі, асабліва ў ранніх яго апавяданнях і раманах. Колькі там пахаў – усюды і скрозь! Для даследчыка, глыбокага псіхолага гэты наш пісьменнік у многіх сваіх гранях – скарб у аспекце спазнання псіхалогіі творчасці і сігнальнай сістэмы мыслення і памяці.
(286 слоў)
Паводле В. Віткі
Похожие статьи:
Пераказы → Белыя вішні і яблыні
Пераказы → Памяць
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Ёсць памяць генаў, памяць роду...
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага
Пераказы → Што запомніцца і што захаваецца