Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вось дык сустрэча!

   Сонца ўжо выкацілася з-за лесу, калі Янка выйшаў з дому. У канцы вузкай вясковай вулачкі павярнуў на гасцінец, абсаджаны з двух бакоў маладымі клёнікамі і дубкамі, і ўзяў кірунак да лесу. Сонца паднімалася ўсё вышэй і вышэй. Яно прыемна казытала твар, сагравала кожны кусцік і травінку. Аж пераліваліся вясёлкай, ззялі на іх зіхоткімі шкельцамі буйныя кроплі дажджавой расы. Па сцяжынцы перад самым носам шаснула вёрткая вірлавокая вавёрка. Яна ўскочыла на елку, гойдаецца на галінцы і цікуе за Янкам жоўтымі пацеркамі, нібы пытае ў яго: «Чаго табе трэба, чалавеча?»
   Янка на міг забыўся, куды і чаго ідзе. Як усё роўна першы раз у жыцці ўбачыў вавёрку: стаяў і любаваўся маленькім рыжым звярком. На сцяжынцы, накульгваючы на пярэднюю нагу, паказаўся вялікі, з шырокай грудзінай лось. Убачыўшы зусім блізка ля сябе чалавека, лось прыпыніўся і пачаў стрыгчы вушамі.
   «Вось дык сустрэча», – падумаў Янка і з радасцю гукнуў:
   – Хіба не пазнаў мяне? Га?
   Лось, высока падняўшы ўгару гарбаносую пысу і задраўшы галіны-рогі, нерухома стаяў на месцы і пільна сачыў за чалавекам. Янка развязаў торбачку, у якой ляжаў яго полудзень, дастаў адтуль ладны акраец хлеба і ступіў да звера. Лось, як толькі згледзеў у руках Янкі хлеб, адразу ж рушыў яму насустрач.
   Янка гладзіў лася па галаве і прыпамінаў тую першую і балючую сустрэчу са зверам.
   ...Стаяў пачатак верасня. Цвілі сінія, як лён, верасы, з дрэў пакрыху ападала жоўклае лісце. Ужо спускалася за купчасты сасоннік сонца, калі Янка выйшаў з лесу. Ён прысеў ля дарогі на пляскаты, яшчэ не халодны камень, і раптам пачуў, як з ляшчынніку да яго даносіцца ціхі, прыглушаны стогн. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў там лася. Звер ляжаў на траве, выцягнуўшы перад сабой акрываўленую нагу і чалавечымі вачыма прасіў у яго, Янкі, дапамогі. Першае, што зрабіў тады Янка, гэта зняў з сябе кашулю, разарваў яе і забінтаваў параненую браканьерамі нагу лася. А потым кожны дзень мяняў на ране павязкі, лячыў звера травамі – настоем прамываў хворую нагу. Лось пакуль што хадзіць не мог, і Янка прыносіў яму канюшыну і сена, паіў вадой, падоўгу, седзячы каля яго, расказваў пра школу, пра сябе, нібы падбадзёрваючы «хворага». Праз два тыдні лось падняўся і, крыху кульгаючы, падаўся ў лес.
   Янка скарміў ласю хлеб, зноў пагладзіў яго па галаве і пайшоў, але лось ступіў за ім следам. Янка прыпыніўся.
   – Ну, ідзі сваёй дарогай. Няма болей у мяне хлеба. Чуеш, дурненькі? Другі раз сустрэнемся, тады і пачастую цябе...
   На павароце Янка азірнуўся. Лось нерухома стаяў на месцы і глядзеў яму ўслед.
(403 словы)
   
Паводле Я. Галубовіча.

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Уцякач

Еўдакія ЛосьЖыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

ПераказыСустрэча

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку