Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Восень у пушчы

   Халодны, густы туман яшчэ звечара павіс над аблогамі Белавежы, нібы бязважкая коўдра, ахутаў кожнае дрэва, кожны кусцік, кожны выварацень. Паветра так насыцілася вільгаццю, што нават адзенне паступова становіцца набрынялым, цяжкім. Прамень ліхтара ўпіраецца ў белую муць і нічога амаль не высвечвае. Святлее хіба што пад нагамі, а перад самым тварам зусім нечакана, нібы рукі дзіўных істот, узнікаюць галіны дрэў.
   Раніцою туман засвяціўся нейкім ружаватым колерам, нібы хтосьці падпаліў яго, і той паволі радзеў, ціха ўзнімаўся ўгору. Гэта сонца сваёю цёплай ласкавай рукою праганяла яго з лесу, адкрываючы перад вачамі прыгажосць асенняй пушчы. Промні кранулі вершаліну старога-старога дуба – высока ўзнеслася яна над кронамі сасновага бору. Кажуць, больш як сем стагоддзяў стаіць гэты велікан, і ніякія нягоды не зламалі гордага волата.
   Промні заглянулі ў самы гушчар, выганяючы адтуль апошнія пасмы туману, якія не ўпарцяцца, паслухмяна ўсплываюць і нясуцца над лесам белымі воблачкамі.
   Заіскрыліся на сонцы, нібы грані каштоўных камянёў, расінкі. Цяжкія, буйныя кроплі павіслі на галінках, кончыках лістоў, траве, быццам пацеркі нанізаліся на тонкія, амаль нябачныя, нітачкі павуціння. А вось і сапраўдны гамак, у якім гойдаецца сам гаспадар-павук. Але нядоўга яму любавацца сваім скарбам: хутка сонца высушыць расу і замест дыяментаў застанецца звычайнае павуцінне.
   Вывеў зуброў на паляну магутны важак, а сам падышоў да дуба, скінуў крутым рогам парканчык, што збудавалі вакол дрэва-помніка егеры, пачаў церціся аб яго шурпаты ствол. Выпрабаваўшы сілу, зубр лёг пад старой ялінай, з годнасцю аглядае статак, які разышоўся па палянцы, паскубваючы яшчэ зялёную траву.
   Апошнія лісткі абтрасае з бяроз, асін, клёнаў вецер-лістабой. Пушча на вачах святлее, пусцее, толькі дубы не здаюцца восені. Усю зіму будуць стаяць яны, захутаныя ў рыжыя кажухі, пакуль вясна не скіне, не абновіць убор дубровы.
(272 словы)

Паводле В. Жушмы

 

Похожие статьи:

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Сяўба

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...

БиографииЯзэп Пушча

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніца

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - На возеры