Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вераніка

Варыянт 1 (337 слоў)

   Дзясяты клас быў гераічны. Усе вучні марылі пра подзвігі і цвёрда надумалі прысвяціць сябе вайсковай справе. Кожны раніцай абліваўся халоднай вадой і ўсякім спосабам развіваў сваю мускулатуру. Найбольшых поспехаў у гэтым дамогся Слава Загароўскі. Калі ён у локці згінаў руку, яго мускулы станавіліся цвёрдымі, як камень. На турніку Слава падцягваўся чатырнаццаць разоў і на адной, правай, руцэ – пяць разоў. Ён далей за ўсіх кідаў гранату, хутчэй за ўсіх бегаў. Пад вадой Слава мог трымацца цэлых сто сем секунд.
   Год назад у клас прыйшла новая вучаніца – Вераніка Хмялеўская. Такой прыгожай дзяўчыны яшчэ не было ў школе. У яе ўсё было прыгожае: смуглявы твар, пастава, сінія вочы, доўгая каса, смех. Усё тое, што дадзена чалавеку ад нараджэння і чаго не купіш ні за якія грошы.
   Калі гэта можна назваць закаханасцю, то ўсе хлопцы не былі раўнадушнымі да Веранікі. Але дзяўчына не выказвала ні да каго асаблівай прыхільнасці. Яна аднолькава прыязнай была з усімі.
   Зусім іншае хутка адчуў клас у адносінах Веранікі да Славы Загароўскага. Слава ні ў чым не ўступаў Вераніцы. Яму прырода таксама не пашкадавала ні прыгажосці, ні розуму, ні сілы. Ён законна лічыўся адным з першых у класе.
   У той год дзясяты клас вытрымаў свае апошнія экзамены, але атэстаты ім аддалі без ніякай ўрачыстасці. Пачалася вайна. Усіх хлопцаў на трэці дзень вайны выклікалі ў ваенкамат і загадалі быць вечарам на станцыі. У купцы дзяўчат стаяла і Вераніка, маўклівая і, здавалася, нават спалоханая. Дзяўчаты гаварылі, жадалі хуткай перамогі і звароту дамоў, а яна маўчала.
   Такой Вераніку запомнілі назаўсёды. Больш яе не прыйшлося пабачыць. Яе расстралялі фашысты яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі. Тыя шасцёра, хто прыйшоў з вайны і застаўся жывы, помняць Вераніку. Але двое з іх, мабыць, не толькі помняць яе. У Малінаўку сяды-тады прыязджае Слава Загароўскі і прыходзіць на бераг невялічкай рэчкі, дзе пахавана Вераніка. Ён падоўгу ходзіць там і пра нешта думае.
   Прыходзіць на гэты бераг, калі прыязджае ў Малінаўку, і другі чалавек – Валерый Самасад. Тады, у дзясятым класе, ніхто не здагадваўся, што Валерый таксама кахаў Вераніку.

 


 

Варыянт 2 (551 слова)

   Наш дзясяты клас быў гераічны. Усе мы марылі пра подзвігі і цвёрда надумалі прысвяціць сябе вайсковай справе. Былі ў нас свае авіятары, артылерысты, маракі, агульнавайсковыя камандзіры, нават ваенны ўрач. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла ў адпаведнасці з нашай распрацаванай сістэмай. Кожны з нас раніцай абліваўся халоднай вадой і ўсякім спосабам развіваў сваю мускулатуру. Найбольшых поспехаў у гэтым дамогся Слава Загароўскі. Калі ён у локці згінаў руку, яго мускулы станавіліся цвёрдымі як камень. На турніку Слава падцягваўся чатырнаццаць разоў і на адной, правай, руцэ – пяць разоў. Ён далей за ўсіх кідаў гранату, хутчэй за ўсіх бегаў. Пад вадой Слава мог трымацца цэлых сто сем секунд.
   Вядома, была і другая прычына, чаму мы проста не маглі жыць без подзвігаў. Амаль кожны з нас падаў заяву на атрыманне пашпарта, і нас вось-вось павінны былі занесці ў спіскі для галасавання. Мы іншы раз парушалі рэжым школьніка і пасля кінасеанса заставаліся на танцы. Нас пачыналі хваляваць зорныя майскія вечары, прыцішаны шэпт на лавачках у скверыку і задуменныя пералівы гармоніка дзе-небудзь на ціхай вуліцы. Вось чаму нам больш за якую-небудзь другую падабалася песня «Любімы горад». У ёй спявалася пра вялікія подзвігі, аб якіх мы марылі, і пра вялікае каханне, якога мы чакалі як узнагароды за гэтыя подзвігі.
   Што ж да кахання, то ў нашым дзясятым класе па-сапраўднаму закаханы быў толькі Слава Загароўскі. Яшчэ калі мы вучыліся ў дзявятым класе, да нас прыйшла новая вучаніца – Вераніка Хмялеўская. Бацьку яе, палкоўніка, паранілі на фінскай вайне, і ён прыехаў жыць у нашу ціхую Малінаўку. Такая прыгожая дзяўчына яшчэ не вучылася ў нашай школе. У яе ўсё было прыгожае: смуглявы твар, пастава, сінія вочы, доўгая каса, смех – усё тое, што дадзена чалавеку ад нараджэння і чаго не купіш ні за якія грошы.
   Калі гэта можна назваць закаханасцю, то ўсе нашы хлопцы не былі раўнадушнымі да Веранікі. Але дзяўчына не выказвала ні да кога асаблівай прыхільнасці. Яна размаўляла з усімі аднолькава: ветліва і прыязна.
   Зусім іншае хутка адчуў клас у адносінах Веранікі да Славы Загароўскага. Гэтых адносін мы доўга не маглі разгадаць. Слава ні ў чым не ўступаў Вераніцы. Яму прырода таксама не пашкадавала ні прыгажосці, ні розуму, ні сілы. Ён законна лічыўся адным з першых у класе.
   Наш дзясяты клас вытрымаў свае апошнія экзамены, і цяпер ішла падрыхтоўка да развітальнай урачыстасці. Але вечара ў той год не было. Атэстаты нам аддалі без ніякай урачыстасці. Пачалася вайна. Усіх хлопцаў на трэці дзень вайны выклікалі ў ваенкамат і загадалі быць вечарам на станцыі. На станцыю прыйшлі праводзіць нас усе дзяўчаты дзясятага класа. Прыйшла і Вераніка. Яна стаяла ў купцы аднакласніц, маўклівая і, здавалася, нават спалоханая. Дзяўчаты гаварылі, жадалі нам хуткай перамогі і вяртання дамоў, а яна маўчала.
   Такой Вераніку мы запомнілі назаўсёды. Больш яе нам не прыйшлося пабачыць. Нас вярнулася з вайны толькі шасцёра, і ўсё ж мы не змаглі абараніць Вераніку. Яе расстралялі фашысты ў нашай Малінаўцы яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі. Мы, шасцёра, хто прыйшоў з вайны і застаўся жывы, помнім Вераніку. Але двое нашых, мабыць, не толькі помняць яе. У Малінаўку сяды-тады прыязджае Слава Загароўскі і прыходзіць на бераг невялічкай рэчкі, дзе пахавана Вераніка. Ён падоўгу ходзіць там і пра нешта думае.
   Прыходзіць на гэты бераг, калі прыязджае ў Малінаўку, і другі чалавек – Валерый Самасад. Тады, у дзясятым класе, ніхто з нас не здагадваўся, што Валерый таксама кахаў Вераніку...

Паводле I. Навуменкі

 

Похожие статьи:

Іван НавуменкаІван Навуменка - Хлопцы самай вялікай вайны...

Іван НавуменкаІван Навуменка - Вераніка

Іван НавуменкаІван Навуменка - Новая хата

БиографииІван Навуменка

Іван НавуменкаІван Навуменка - Вайна каля Цітавай копанкі