Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бяздоннае багацце

Варыянт 1 (319 слоў)

   У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў. Быў ён багаты і мудры і людзей каля сябе збіраў разумных ды дужых.
   Неяк князь з гасцямі паехаў на паляванне біць цецерукоў і дзікіх вепраў. Многа было ўжо ўпалявана ўсялякай дзічыны. Раптам Яраслаў убачыў вялізнага старога тура і пагнаўся за ім. Некалькі гартаваных князевых стрэл упілося ў цела тура, але звер з падвоенай сілай уцёк ад паляўнічага. Тады князь пачаў паганяць свайго каня, каб дагнаць тура.
   Раптам тур спыніўся і павярнуўся ў бок князя. Конь з разгону наскочыў на тура і заваліўся, прыціснуўшы пад сабою седака. Яшчэ хвіліна – і князь паплаціўся б жыццём. Але хутка падаспеў загоншчык Ранцэвіч і дапамог князю. Яраслаў вырашыў узнагародзіць загоншчыка і сказаў, каб той прыйшоў у абоз па ўзнагароду.
   Калі Ранцэвіч прыйшоў у князеў абоз, Яраслаў паставіў перад ім скрынку з залатымі чырвонцамі і сказаў:
   – Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй. Бяры, колькі хочаш.
   Загоншчык быў чалавекам мудрым. Ён узяў кіёк, разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:
   – Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно можна дастаць. Тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму. Золата больш патрэбна князю, а не простаму чалавеку. Дай ты мне, княжа, такі дар, каб я ў ім дна знайсці не мог.
   Князь задумаўся і сказаў:
   – Каб я сабраў усё сваё багацце, то і тады дно яму знойдзеш.
   Засмяяўся загоншчык:
   – Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце. – І выйшаў на двор, узяў лавецкі меч і ўвесь уваткнуў у зямлю.
   – Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно аратаму даражэйшае, чым тыя чырвонцы. Грошы могуць украсці, а зямлю ніхто не ўкрадзе.
   Засмяяўся князь. Спадабалася яму мудрасць загоншчыка. І ён сказаў:
   – Праўду гаворыш, дам табе зямлі аж на дзясятае пакаленне.
   Напісаў князь дароўную грамату мудраму загоншчыку Ранцэвічу.
   Дагэтуль жывуць у вёсцы Вялемічы ў вялікай пашане Ранцэвічы. Перадаюць яны з роду ў род дароўную грамату князя Яраслава і расказваюць пра свайго мудрага прашчура.

 


 

Варыянт 2 (248 слоў)

   У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў, багаты і мудры. Неяк князь з гасцямі паехаў на ўловы біць цяцераў і дзікіх вепраў. Многа ўжо было набіта ўсялякай дзічыны, але Яраслаў убачыў вялізнага старога тура і пагнаўся за ім. Некалькі гартоўных княжых стрэл упілося ў цела тура, але звер з падвоенай сілай уцякаў ад лаўца.
   Раптам тур спыніўся і павярнуўся ў бок князя. Конь з разгону наскочыў на тура і зваліўся, прабіты рагамі, прыціскаючы сабою седака. Яшчэ момант, і князь паплаціўся б жыццём. Але падскочыў загоншчык Ранцэвіч, зняў з сябе світку, накінуў яе туру на вочы ды нажом ударыў звера ў самае сэрца – тур нежывы рынуў на зямлю. Князь выбавіўся з-пад каня і, дзякуючы загоншчыку, сказаў, каб той прыйшоў па узнагароду.
   Калі загоншчык прыйшоў, Яраслаў паставіў перад ім скрынку з золатам і сказаў:
   – Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй за золата, бяры колькі хочаш.
   Загоншчык узяў кіёк, разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:
   – Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно можна дастаць, дык, мабыць, гэта тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь яму прыйдзе канец. Дай ты мне, княжа, гэткі дар, каб я ў ім дна знайсці не мог.
   Князь задумаўся і кажа:
   – Каб я сабраў усё свае багацце, то і тады дно яму знойдзеш.
   Засмяяўся загоншчык:
   – Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце. – І выйшаў на двор, узяў лавецкі меч і ўвесь усунуў у зямлю. – Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно ратару больш вартае, чым тыя чырвонцы.

Паводле В. Ластоўскага

 

Похожие статьи:

Якуб КоласНовая зямля. Пытанні да раздзелаў "За сталом і "На першай гаспадарцы"

Якуб КоласНовая зямля - Пытанні да раздзела "Падгляд пчол"

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласНовая зямля - Пытанні да раздзела "Вечарамі"