Пад вечар узняўся вецер. Пасыпаў дробненькі гусценькі сняжок. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над зямлёю. Вецер мацнеў. Неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Разгулялася завіруха.
Аголеныя дрэвы шумелі глуха, надрыўна. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнай клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Пад яе напорам глуха стагналі сцены. А за вугламі хат, у цесных завулках стаяў свіст і галёканне.
Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы, як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Вакол усё гуло, трэслася, выла, скуголіла.
Пад вечар завея сціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы, у дварах, каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі гурбы снегу.
(151 слова)
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Завіруха
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Зімовы сум
Пераказы, дыктанты → Завіруха
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Галоўны дворнік
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Завіруха