Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Завіруха

Варыянт 1 (261 слова)

   Пад вечар таго ж дня, ужо на змярканні, стаў пашумліваць вецер. Паплыў дробненькі, гусценькі сняжок. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Вецер крапчэў. І неба, і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Разгулялася завіруха. На ўсе галасы гула за вокнамі бязладная музыка. І трэба было моцна ўслухоўвацца ў яе, каб адрозніць паасобныя гукі, з якіх яна складалася. Аголеныя дрэвы шумелі глуха, надрыўна. Званар-вецер біў языкамі званоў аб іх край, і гэты звон, здавалася, падаваў вестку пра нейкую бяду, пра нейкае вялікае гора. Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнай клеткі, усім цяжарам налягла на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Пад яе напорам глуха стагналі сцены. А за вугламі хат, у цесных завулках стаялі свіст і галёканне, нібы нехта магутны, страшны і няўмольны ішоў па зямлі і прыводзіў у рух усе яе струны. А якую жаласную песню выводзіў комін! А няшчыльна прыладжаныя дзверцы далучалі да гэтага свае многагалосыя свісты. Нешта жудаснае, жалобнае чулася ў гэтай песні.
   Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы, як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла.
   Пад вечар завея сціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. І толькі цяпер перад вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не вылепіць самы здольны скульптар.

 


 

Варыянт 2 (115 слоў)

   Падвечар, на змярканні, стаў пашумліваць вецер. Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Вецер крапчэў. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Разгулялася завіруха...
   Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла... Падвечар завея аціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. І толькі цяпер перад вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не патрапіць вылепіць самы здольны скульптар.

Паводле Я. Коласа

 

Похожие статьи:

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Завіруха

Алесь ГарунАлесь Гарун - Завіруха

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Зімовы сум

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Галоўны дворнік

Пераказы, дыктантыБура