Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Брыгадзірша
Некалі шлях у напрамку да Старой Рудні ішоў праз лес... Бярэзнік, ельнік, асіннік. За кіламетр-паўтара ад вёскі лес канчаўся. Ад яго паабапал шляху аж да крайніх хат адна ля адной паўпіваліся карэннем у жвір старыя касматыя бярозы. Цяпер няма тых бяроз – вайна... Толькі адна стаіць. Журыцца, самотна дажывае свой век.
Міця ўгледзеў бярозу. Яму стала шкада яе – занядбаную жорсткім лёсам адзіноцтва.
Ён борздзенька тупаў па коўзкай сцяжынцы і ў роздуме не заўважыў, як дайшоў да бярозы. Крануў далонню счарнелую парэпаную кару дрэва. Пастаяў. Выразна, да драбніц прыгадалася, як тут развітваўся з бацькам, калі ён крочыў насустрач свайму вайсковаму лёсу. У вушах гучалі словы: «Ты ж, сын, цяпер адзін мужчына ў сям’і...»
Усю дарогу далей не выходзіў у Міці з галавы гэты ўспамін. Цяжкі, тужлівы. Да роднай хаты ён набліжаўся са змаркочана-думным і нейкім як бы вінаватым настроем.
Дзверы хаты расчыніліся лёгка і шырока. Ля вялікага стала стулена стаяла маці. Каля печы забаўляўся трохгадовы пляменнік Андрэйка. Ён прыціх і раптам, пазнаўшы, кінуўся насустрач, замахаў зялёным самазвалам.
– Дзядзя Міця, я на самазвале буду лаботаць. Пясок плывязу, каб на вуліцы глазі не было, – радасна затараторыў.
Маршчыністы твар маці свяціўся ціхай радасцю, вусны злёгку варушыліся, быццам бязгучна шапталі добрыя пяшчотныя словы. Светлыя вочы расчулена павільгатнелі.
– Сыночак мой прыехаў! – Яна пацалавала яго ў адну шчаку, у другую. – Раздзявайся хутчэй, здарожыўся.
Ён стаў распранацца, а яна патупала да жоўценькай шафкі.
Праз расчыненыя ў залу дзверы Міцю відзён быў светлы прасторны пакой. На вокнах віселі доўгія цюлевыя фіранкі. Ля прасценка замест старой драўлянай канапы пярэсціла квяцістымі падушачкамі тахта.
– Зараз, галубок мой, пачастую.
Ён глядзеў на яе старэчы маршчыністы твар, слухаў, а ў думках яго міжвольна паўстаў далёкі малюнак маленства.
...Плылі засінелыя прыцемкі, гарачыня спадала. Ён, набегаўшыся, сядзеў на вываратні старой дзічкі, што тырчаў на ўскраі поля, глядзеў, як маці жала жыта. Спрытна ўзмахваючы сярпом, яна зразала жаўтаватыя сцёблы, клала іх у сноп, туга завязвала перавяслам. Потым яна разагнула спіну, павярнулася да яго.
– Выгаладаўся, сынок? Пацярпі трошкі, па халадку добра ж вельмі жнецца.
У высокім небе пералівіста звінеў нястомны весялун жаўрук, непадалёк жанчыны спявалі працяжную жніўную песню.
Гэты малюнак Міцю чамусьці асабліва яскрава засеў у памяці, і ён на адзіноце часта яго ўспамінае.
Маці была лёгкая ў хадзе і ўвішная ў працы. Рабіла ўсё похапкам, але з толкам. Досвіткамі ўпраўлялася па гаспадарцы, карміла пяцярых дзяцей і бегла на калгасную работу. Таварышкі захапляліся спрытам «брыгадзіршы», а ў вясёлыя хвіліны добразычліва жартавалі:
– Раскажы, Арына, чым ты Сяргея ўзяла. Мо прысухай якой пачаставала? Аж млее па табе.
– Сама не ведаю, а ён не прызнаецца, – адказвала яна і пасміхалася.
Доўгія зімовыя вечары яна бавіла за прасніцай.
Іншы раз у святы маці прымошчвалася каля акна, задумліва пазірала на вялікую ліпу, што расла на ўзмежку саду, і мяккім грудным голасам ціха запявала:
А ў полі вярба, Пад вярбой вада...
Бацька, адарваўшыся ад кніжкі, вылазіў з-за стала, падыходзіў, станавіўся за яе спінай, падводзіў ёй басам. У такія мінуты здавалася, што спяваюць і ліпа, і сад, і ўся хата...
Маці паставіла на стол гладыш з малаком, прынесла ў місцы тварог і на талерцы яйкі. Тупала, мітусілася.
Потым яна сядзела за сталом, задаволеная, што ёсць чым пачаставаць сына.
(521 слова)
Паводле А. Капусціна.