Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Калыхалася хвалямі рунь

   У светлым небе лёталі птушкі. Сёння іх чамусьці многа лётала. Ці, можа, і заўсёды так было, ды Марыйка не заўважала.
   Дзяўчынка прыехала да бабулі Просі ў вёску і стаяла ўскрай жытнёвага поля. Рунь ужо добра акрэпла, раскусцілася, пайшла ў рост. Лёгкі вецер гнаў па шырокай ніве ярка-зялёныя хвалі. Яны плаўна гайдаліся. Марыйка глядзела то на птушак у небе, то на ніву. Ад доўгага назірання ёй здавалася, што стаіць яна на беразе спакойнага цёплага мора, у якім купалася пазалетась, калі яны з мамай ездзілі на поўдзень.
   Успамін пра мора не развеяў Марыйчыну маркоту. Як жа так?.. Мама ж сама некалі казала, гэта ж яе словы: «Дабро, дачушка, – адзіная сіла, здольная зрабіць чалавека высакародным». Скажа іх і пяшчотна, ласкава пазірае ў вочы. Ад яе позірку Марыйцы было хораша, ён нібы грэў ёй душу. А цяпер?..
   Надоечы мама сказала:
   – Ёсць у мяне, дачушка, шарсцяная кофтачка. Новая зусім, але яна не падабаецца мне. Патрэбна яе прадаць. Прадасі?
   Марыйка збянтэжылася:
   – Я? Каму?
   – На базар вынесеш. Ды ты не тушуйся, цяпер многія, такія як ты, робяць так. Жыць жа трэба.
   Мама дастала з шафы кофтачку, назвала цану, і праз паўгадзіны Марыйка была на базары.
   Тую бабулю, якой прадала кофтачку, яна заўважыла яшчэ здаля. Прыгорбленая старая жанчына, цяжка ступаючы, – відаць, ногі былі хворыя – падышла да яе, павіталася:
   – Добры дзень, унучачка. Колькі за кофтачку просіш?
   Марыйка сказала суму, якую вызначыла мама. Бабуля ўздыхнула.
   – Дорага, збаў, дзетка.
   – А колькі дасце?
   – Ды ўсе, што ёсць. – Дрыжачыя старэчыя рукі марудна дасталі з кашалька грошы. Іх было на чвэрць менш таго, што прасіла гандлярка.
   – Не, – прамовіла Марыйка і адвяла вочы ўбок. Яна адчула незразумелы сорам, быццам зрабіла штосьці брыдкае.
   Бабуля, ціхая і пакорная, павярнулася, ступіла колькі крокаў. Тады Марыйка нібы спалохалася, што вось зараз яна знікне, згубіцца ў гаманкім мітуслівым натоўпе, якому тут, акрамя як купіў-прадаў, ні да чаго іншага і ні да каго няма ніякай справы.
   – Бярыце, бабуля! – нечакана для сябе гукнула яна. – Бярыце!
   Дома Марыйка, выкладваючы грошы на стол, гаварыла:
   – А бабуля тая сумная была, такая сумная!.. Дык я, ведаеш, мама, што ўспомніла? «Дабро, дачушка, – адзіная сіла,здольная зрабіць чалавека высакародным» – вось што.
   Раптам Марыйка асеклася. Маці сядзела за сталом сцішаная, нейкая непрывычная, незнаёмая. Хвіліну яны пазіралі адна на адну як непаразумелыя, нібы ачужэлыя.
   Каб яна ўзарвалася, закрычала, затупала нагамі, Марыйцы не так было б маркотна і горка. Тады б яна, як бывала раней, можа, агрызнулася б. А так што яна магла сказаць?.. Ёй было цяжка глядзець на маці, і яна адвяла позірк, апусціла галаву.
   Прыкрае, непрыемнае пачуццё не пакідала Марыйку і назаўтра, калі яна ехала аўтобусам у госці да бабулі Просі.
   Цяпер таксама, пазіраючы на птушак у небе і на гэтую прыгожую вясёлую ніву, яна міжвольна час ад часу ўсё вярталася думкамі ва ўчарашні дзень. На смуглявы твар яе ўраз быццам клалася хмурынка, цёмныя разлёцістыя бровы супіліся.
   Раптам бровы здрыгануліся, разбегліся. З твару зляцела нахмуранасць, нібы яе здзьмуў вольны легкакрылы ветрык, які гайдаў рунь. Малінавыя прыпухлыя вусны разышліся ва ўсмешцы. Марыйцы неспадзявана пабачылася, як недзе далёка, у бесталковай людской мітусні ціха і светла ўсміхнулася прыгорбленая, стомленая бабуля.
(499 слоў)

Паводле А. Капусціна.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСкрыпка

Пераказы, дыктантыБрыгадзірша