Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыцця чалавека. Мы бачым падоўжаны кавалак узорыстай тканіны там, дзе святкуюць радзіны, вяселле і ўваходзіны, сустракаем яго і на провадах у апошні шлях. Без яго не абыходзіцца зараз ніводная больш-менш значная выстава народнага мастацтва, бо менавіта ручнік з найбольшай яркасцю ўвасабляе нацыянальныя рысы арнаментальнага мастацтва, высокае майстэрства ткацтва, вышыўкі і вязання.
Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Кожнае з іх, спасцігаючы законы аздаблення тканіны, асэнсоўвала і складвала ў адзіную скарбонку разуменне ручніковага дэкору і яго асаблівасцей, тэхнічных прыёмаў, найлепшых каляровых спалучэнняў. З часам адточваліся характэрныя адзнакі традыцыйнага аздаблення беларускага ручніка. Фарміраваўся канон, у рамках якога праходзілі далейшыя творчыя пошукі. Канон гэты ніколі не абмяжоўваў ткачыху, вышывальшчыцу, а дазваляў і нават прапаноўваў увасабляць у ім свой характар, пачуцці, настрой, сваё адчуванне хараства, дэманстраваць рамесніцкую дасканаласць.
Так ствараўся ручнік – выраб калектыўнай працы і індывідуальнага імкнення, традыцыйнага і заўсёды новага мастацтва. І кожны раз ткачыха, беручыся за справу, спадзявалася, што палатно атрымаецца не горшае, як у людзей, а калі ўдасца, то і трошкі лепшае.
(199 слоў)
Паводле В. Фадзеевай
Похожие статьи:
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Наш беларускі ручнік
Максім Танк → Максім Танк - Расшытае крыжыкамі
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Ручнікі
Пераказы, дыктанты → Ручнік у вясельных абрадах
Пераказы, дыктанты → Повязь часоў – беларускі ручнік