Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Баявое раненне

   Аднойчы пад вечар зайшлі да нас у хату сяржант і двое радавых, папрасіліся на начлег.
   – Начуйце, людзі добрыя, – дазволіла бабка. – Начуйце. Толькі цесна ў нас. І пухавікоў няма.
   Мы з Санькам вачэй не можам адарваць ад сяржанта. Сам высокі, бялявы, а на падбародку і шчацэ скура чырвоная-чырвоная і бліскучая. Такі твар і такія рукі ў аднаго нашага падлюбскага дзядзькі. Па-вясковаму завуць таго дзядзьку Гарэлым. Калісьці, яшчэ ў маладосці, ён на пажары людское дабро ратаваў. А каб зразумець, дзе гарэў сяржант, доўга гадаць не трэба: у яго на пагонах маленькія танкі.
   Калі вайскоўцы паставілі ў куток карабіны і знялі шынялі, мы з Санькам пераглянуліся. У сяржанта на ўсе грудзі медалёў. Так і звіняць, калі ён ходзіць па хаце. На гімнасцёрцы ў яго некалькі чырвоных нашывак. Мы ўпершыню такія бачым. Мабыць, гэта за падбітыя танкі. Колькі танкаў падбіў, столькі нашывак.
   – Не, хлопцы, – пакруціў сяржант галавой, – не ўгадалі. Гэта за раненні.
   Мы з Санькам вачамі пералічылі тыя нашыўкі і паглядзелі адзін на аднаго. Шэсць штук. Ну і народ у нас! Жывучы. Месца на ім жывога няма, і хоць бы што.
   Мне закарцела даведацца: ці гэта толькі вайскоўцам даюць такія нашыўкі, ці могуць і Саньку даць?
   Сяржант недаверліва паглядзеў на майго прыяцеля.
   Санька з ахвотай задраў кашулю, і салдаты з павагай паглядзелі на яго худую спіну, на якой сінявата-белая скура распісана агністымі рубцамі.
   – Гэта ў яго пісталет на спіне, – растлумачыла салдатам бабка, але тыя нічога не зразумелі, і давялося ўмяшацца мне.
   – Ніякага пісталета ў Санькі на спіне няма. Гэта немцы яго так білі. Мы хацелі ісці ў партызаны, знайшлі тры гранаты, а пісталетаў нідзе знайсці не маглі. Тады Санька ўкраў адзін у афіцэра, які жыў у іхняй хаце. А яго злавілі.
   – Адным словам, нарабіў бяды і сабе, і матцы, – перабіла мяне бабка. – Тая аж пасівела, бедная. Партызаны знайшліся!
   Але, нягледзячы на бабульчыну зняважлівую заўвагу наконт нашай партызанскай вартасці, Санькаў аўтарытэт вырас на вачах. Яшчэ раз паглядзеўшы на голую спіну, сяржант сур’ёзна сказаў:
   – А нашыўку могуць даць... Баявыя раны.
   І, крыху падумаўшы, загадаў аднаму з салдат пашукаць чырвонай тканіны. Той пачаў корпацца ў сваім рэчавым мяшку, перакладваючы з месца на месца мыла, дратву, новую пару ануч... Знайшоўся там і шматок чырвонай матэрыі. Салдат сам адрэзаў ад яго кавалак і на нашых вачах зрабіў нашыўку, як у сяржанта.
   Хутка на рукаве ў Санькі красавалася чырвоная нашыўка, якая сведчыла пра яго баявое раненне.
(388 слоў)

(Паводле І. Сяркова)

 

Похожие статьи:

ІншаеІван Сяркоў - Мы з Санькам у тыле ворага

ПераказыНасі, Санька!