Сярод лесу стаяла высокая асіна, у якой дзяцел выдзеўб дупло і зрабіў гняздо. У хуткім часе вывеліся птушаняты. Дзеці ўбраліся ў пер’е, пачалі вылятаць з гнязда. Наляціць дзятлава сям’я на дрэва, учэпіцца за шурпаты ствол, а стары дзяцел аглядае дрэва, дзяўбе кару сваім вострым носам, выцягвае насякомых. Тое ж робяць і малыя. Толькі адзін малады дзяцел кару не дзёўб, а прыладжваўся побач з бацькам і настойліва крычаў, патрабаваў ежы.
Непрыкметна падкралася восень. Праносіліся над лесам пералётныя птушкі, а хто не пакідаў лес, той рыхтаваўся да зімы. У каго запас ежы ў кладоўцы, таму мароз не страшны. Малады дзяцел запасаў на зіму не рабіў, спадзяваўся на бацькавы запасы.
І вось лёг снег. Забраўся малады дзяцел у пакінутае шпакамі дупло. Сядзіць там, нічога не еўшы, холад яго прабірае, чакае дапамогі ад бацькоў. І тут заўважае, што выскачыла з дупла вавёрка, а ў зубах у яе – яловая шышка. Скеміў дзяцел, дзе можна пажывіцца.
Аднойчы вавёрка толькі хацела залезці ў дупло, як заўважыла, што там нехта варушыцца. Гаспадыня падрыхтавалася да скачка. Але нечакана з дупла выскачыў малады дзяцел ды як дзеўбане яе ў галаву! Вавёрка ажно зацокала ад болю. Малады дзяцел тым часам вылецеў з дупла і сеў на сухі сук, быццам нічога і не здарылася. У той жа момант да маладога падляцеў стары дзяцел. Ён наставіў тырчма пер’е і злосна закрычаў. Потым яны паляцелі ў ельнік. Стары дзяцел сарваў доўгім носам шышку, зашчаміў яе ў шчыліну і дзеўбануў раз-другі. Пасля пачаў гультая па-бацькоўску вучыць, што трэба самому здабываць сабе ежу.
(249 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Пераказы, дыктанты → Ляцяць, ляцяць крылатыя вешчуны
Пераказы, дыктанты → Сойка (Паводле У. Ягоўдзіка)
Пераказы, дыктанты → Абед у мяцеліцу
Пераказы, дыктанты → Бясхвосты шпак