Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бацька Сталінграда

   Не кожная еўрапейская сталіца ў гады Другой сусветнай вайны абаранялася столькі, колькі трымаўся беларускі горад Магілёў. На працягу дваццаці трох дзён савецкія воіны стаялі да канца, каб хоць крыху адцягнуць галоўны ўдар – па Маскве. Толькі за адзін дзень баёў, 12 ліпеня 1941 года, савецкімі салдатамі было знішчана трыццаць дзевяць танкаў ворага. Сёння Магілёў называюць «бацькам Сталінграда».
   9 мая 1995 года, падчас святкавання пяцідзясятай гадавіны Перамогі, пад Магілёвам адкрыўся Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». На тэрыторыю комплексу наведвальнікі трапляюць праз прыгожую арку. Над пляцоўкай з гербам Магілёва гайдаецца маятнік Фуко, які сімвалізуе вечную памяць аб палеглых тут воінах.
   У цэнтры комплексу знаходзіцца невялікая каплічка. На яе сценах размешчаны памятныя дошкі, на якіх беражліва захоўваюцца імёны абаронцаў Магілёва і апалчэнцаў. Для многіх з іх гэты жорсткі бой стаў першым і апошнім. Воіны, у якіх жыццё адабрала вайна, пахаваны ў склепе пад каплічкай.
   Ад капліцы вядуць чатыры алеі. Адна з іх прысвечана пісьменніку Канстанціну Сіманаву, які ў ліпені 1941 года знаходзіўся на полі пад Буйнічамі ў якасці ваеннага карэспандэнта. Стаўшы сведкам гераічных падзей, ён напісаў свой вядомы раман «Жывыя і мёртвыя». Алея вядзе да каменя пісьменніка, на якім напісана: «Усё жыццё ён помніў гэта поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах». Так і адбылося.
   Па адной з алей трапляеш да Возера Слёз, якое сімвалізуе пакуты ўсіх маці, якія так і не дачакаліся сваіх дзяцей з вайны.
   Каля сарака тысяч магіляўчан рыхтавалася да абароны горада. Абрысы абарончых умацаванняў, якія будавалі толькі два тыдні, можна ўбачыць і цяпер. Пад адкрытым небам размясцілася экспазіцыя ваеннай тэхнікі: танкі, зенітная ўстаноўка, гарматы. Асаблівую цікавасць выклікае сапраўды ўнікальны экспанат – нямецкі танк, падняты з дна ракі Друць.
   Сёння ў Мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» адбываюцца сустрэчы з ветэранамі вайны, праводзяцца ўрокі мужнасці, патрыятычныя акцыі, экскурсіі, святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі і гадавін вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
(301 слова)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПраўда-памяць

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Дарога праз лес

Мікола ГільМікола Гіль - Партызанскі фотаздымак

Іван ШамякінІван Шамякін - Алёша-разведчык