Сад гэты пасадзіў колісь Арцёмаў бацька – Ігнат Дабрынеў. Арцём яшчэ помніць: яны з бацькам капалі пад вокнамі ямкі. Саджанцы, здаецца, бралі ў Панькаўскім лясніцтве. Бацька ўсё гаварыў Арцёму, што ўзімку будуць паляваць на зайцоў. Тыя абавязкова прыйдуць сюды: маладыя яблынькі для іх ежа.
Але пачалася фінская вайна, бацьку забралі – гэта здарылася ўначы: да іхняй хаты раптам пад’ехала грузавая машына, нехта трывожна пастукаў у акно. Арцём не паспеў ускочыць з ложка, як пачуў над сабой вясёлы бацькаў голас: ты, маўляў, не сумуй тут, Арцёмка, сцеражы сад, каб зайцы не паелі, а мы хутка вернемся. Але пачалася зіма. У тую зіму загінуў Арцёмаў бацька і вымерз ледзь не да апошняга дрэва малады сад. Тыя ж нямногія дрэўцы, што неяк уцалелі, доўга-доўга, ажно цэлых пятнаццаць гадоў, не пладаносілі. Зацвіталі часта, здаралася, і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было.
І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет і сад пачаў пладаносіць. І весела стала тады ў Арцёмкавым садзе: на маладых яблыньках скрозь віселі сакавітыя духмяныя яблыкі. Хлопчык з сябрамі частаваўся яблыкамі і з удзячнасцю ўспамінаў бацьку.
(167 слоў)
Паводле І. Чыгрынава
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сады восенню
Пераказы, дыктанты → Там усё смачнейшае
Пераказы, дыктанты → Белыя вішні і яблыні
Пераказы, дыктанты → Батанічны сад
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Мой сад