Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Апошні трафей

   Калі Мацей выйшаў на двор, неба на ўсходзе толькі крыху пасвятлела. У шэрым змроку нерухома стаялі яблыні і вішні. Ад інею сівелі платы і хаты. У такое марознае надвор’е паляванне рэдка бывае ўдалым: усе звяры хаваюцца, не блукаюць па лесе.
   Мацей выйшаў з вёскі і запаволіў крок.
   Пачало світаць. Ранак выдаўся марозны і ціхі. Мякка парыпваў пад валёнкамі снег. Неўзабаве вусы і барада старога заінелі, пабялелі. Мацей не надта і спадзяваўся, што ўпалюе якога звера, бо яго старэчыя вочы бачылі недалёка, толькі перад сабою, а, калі цэліўся, стрэльба калацілася ў руках, мушка расплывалася, нібы ў тумане. Але ён амаль штодня хадзіў у лес...
   Калі ўзышло сонца, Мацей быў ужо ў старой, рэдкай дуброве. Сонечныя промні не губляліся ў невялікіх голых кронах дрэў. Снег іскрыўся.
   У дуброве паляўнічы натрапіў на лапіны разварочанага, перамяшанага з рудым лісцем снегу: ноччу тут пахадзілі дзікі. Яны раскопвалі лычамі снег, выбіралі жалуды. «Сям’я хадзіла... Старыя і маладыя», – падумаў Мацей. Прайшоў сюды-туды і хутка вызначыў, што дзікі падаліся ў альховае балота.
   Мацей павольна крочыў па слядах дзікоў. Ён разумеў, што наўрад ці ўдасца ўпаляваць іх, але ўсё ж...
   На балоце стары заўважыў на дзіковай сцежцы адбіткі вялікіх воўчых лап. Гэта яго зацікавіла: «Чаго ж ён адзін краўся за дзікамі?» Яшчэ больш разгарэўся паляўнічы азарт.
   Цэлы дзень Мацей хадзіў па слядах, прыглядаўся, дзе дзікі капаліся ў снезе, дзе адпачывалі, чытаў па слядах, як паводзіў сябе і воўк. Мацей вызначыў: воўк стары, баіцца нападаць на дзікоў, вось і пасе іх, чакае моманту, калі адстане ад чарады які-небудзь знямоглы парсючок.
   Назаўтра, як толькі развіднела, Мацей зноў накіраваўся ў дуброву: спадзяваўся, што ноччу наведаюцца туды дзікі, а за імі прыйдзе і воўк. Уначы сапраўды чарада дзікоў пабывала ў дуброве: пад шмат якімі дрэвамі быў раскапаны снег. Воўк жа трымаўся на адлегласці. З дубровы дзікі, як і ўчора, выйшлі на сваю сцежку і падаліся на балота; паплёўся за імі і воўк.
   Мацею дужа захацелася ўпаляваць гэтага ваўка. Але як? Засаду зрабіць ноччу каля сцежкі? Дзікі адразу счуюць, не пойдуць па ёй, воўк – таксама. Стары перабраў з дзесятак спосабаў, як здабыць ваўка, але сам жа і адхіліў іх, палічыўшы, што яны не прынясуць жаданага выніку. Нарэшце спыніўся на самым, як яму здалося, надзейным: на сцежцы, па якой хадзілі дзікі і воўк, пад нахіленай арэшынай, ён насцярожыў са стальнога троса пятлю, добра замацаваў яе за дуб і пайшоў дадому.
   Ноччу старому не спалася. Доўга, амаль да першых пеўняў, варочаўся на печы, гадаў і прыкідваў, ці ўсё ўлічыў, ставячы пятлю, ці трапіць у яе воўк. Як толькі пачало світаць, ён быў на нагах. Хуценька апрануўся, стрэльбу – за плячо.
   Да тоўстага дуба з шурпатай карой, да якога была прывязана пятля, заставалася метраў трыццаць. Мацей запаволіў крок, напружваючы слабыя вочы, пачаў углядацца наперад. Раптам ён спыніўся і, не верачы сваім вачам, убачыў ваўка. Той сядзеў на задніх лапах. Стары працёр вочы: у пятлю сапраўды трапіў воўк. Мацей хуценька зняў з пляча стрэльбу, прыцэліўся і стрэліў. Але што гэта? Воўк нават не зварухнуўся. Зарадзіўшы стрэльбу, паляўнічы асцярожна наблізіўся да звера. Воўк як сядзеў на задніх лапах, так і застаўся ў той жа паставе.
   Гэта быў дужа стары, вельмі худы воўк. Ён, галодны і аслабелы, трапіў у пятлю і замёрз. Мацею стала не па сабе, калі ўбачыў, каго ён упаляваў...
   Назаўтра ён абвясціў у вёсцы, што прадае стрэльбу.
(541 слова)

Паводле З. Бяспалага

 

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Дзікае паляванне караля Стаха - ГДЗ

ПераказыВыпадак на паляванні

ПераказыЦецерукі

ПераказыНезвычайнае паляванне

ПераказыУдалая засада