Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алені

   Спакваля туман асядаў, з лясных берагоў спадала яго белая начная коўдра. З усіх галасоў нам бліжэй сталі чуваць два. Яны ўсё блізіліся да нас, няўмольна збліжаліся паміж сабою, і гэта былі хвіліны, калі алені не ўладарылі ўжо над сабою, калі спрадвечны жывёльны інстынкт падначальваў іх адной стыхіі, адной немінучасці.
   – Зірніце на палоску. Дзе туман канчаецца, – пачуў я ціхі шэпт Сярожкі. – Плывуць...
   – Што? А-а-а... Ага.
   Па тумане, як па белай малочнай рацэ, сапраўды плылі рогі аленя. Дзе туман збіраўся гусцейшы, яны як давалі нырца, але зноў вынырвалі з белай глыбіні, і тады відаць была ўся галава аленя, рашуча выцягнутая тупой храпай наперад. Часам алень спыняўся і, абдаўшы халодны луг прагавітым ровам, крыху пастаяўшы, плыў далей. Часам, спыніўшыся, ён не крычаў, а доўга стаяў моўчкі, пакуль сустрэчна не адгукаўся такі ж працяглы, з металічнай вібрацыяй голас. Туман у тым баку ляжаў радзейшы, і на самым узлессі я заўважыў сілуэт яшчэ аднаго аленя: ён неяк не рашаўся крануцца з месца і як бы хаваўся ад свайго праціўніка, але нарэшце зрушыў з месца, падпарадкаваўшыся законам лесу.
   Неўзаметкі яны абодва нырнулі ў туман і замоўклі там, але праз кароткі час адтуль данёсся сухі, нібы дрэва аб дрэва, удар, яшчэ удар... яшчэ... Нешта цвёрдае шоргнула, нешта жывое мыкнула, рыкнула, і зноў: чах, чах, чах... – Чуеце? – шапянуў Сярожка. – Чуеце?.. Там біліся рагачы.
   Спачатку да нас даносілася адно звонкае чахканне рагоў, затым туман асеў на траву, і мы ўбачылі над ім дзве рагатыя галавы, адну супраць другой. Алені дыхалі адзін аднаму ў самыя мысы, кожны чакаючы моманту, каб выгадна садануць рагамі саперніка, і вось каторы з іх улучыў такі момант: сухі ляскат данёсся зноў. Біліся спакваля, як прымерваючыся ці шкадуючы сілы, і нарэшце ляскат заціх. Рагач, якога мы першым згледзелі і пачулі гэтай раніцай, доўга і зацята наступаў на свайго праціўніка. Той спачатку ўсё не паддаваўся, адно галавою пакручваў, каб вырваць рогі з палону. Ды сілы здалі: алень адарваўся пярэднімі нагамі ад зямлі, павіс у паветры і пачаў гнуцца ў дугу, затым злаўчыўся скокнуць убок, ірвануў галаву да самай зямлі, вызваліў усё ж рогі і, адбегшыся, стаў. Нейкі час, наліты ўжо не сілай, а злосцю, ён глядзеў на праціўніка і, напэўна, прызнаўшы сваё паражэнне, падаўся ў лес. А той вялізны рагач, горды перамогай, моўчкі, з высока ўзнятымі рагамі праводзіў яго да самага лесу, затым выцягнуў галаву наперад і на ўсю немалую сілу сваю абвясціў аб перамозе магутным, працяглым ровам. Можа, гэтак ён яшчэ раз выманьваў саперніка на бойку, ды пабіты ваяка недзе ў гушчары безгалоса залізваў раны.
   Пачуўся дружны тупат лёгкіх на ногі самак. Яны беглі па сцежцы, якой сыходзіліся самцы, беглі ў той бок, адкуль на бойку прыйшоў пераможца.
(425 слоў)

   
Паводле В. Карамазава.