Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Алежка
Быў некалі ў мяне адзін асабіста знаёмы жыхар Белавежскай пушчы – алень па мянушцы Алежка.
Неяк пагранічнікі, абходзячы мяжу, пачулі на земляной паласе падазроны шолах. Уключылі святло, каб разабрацца, у чым справа. Спалоханая раптоўнай успышкай магутных ліхтароў, рынула ў лес аляніна. А на ўскапанай зямлі застаўся камячок – нованароджанае алянятка.
Пачакалі. Неўзабаве стала ясна, што маці не вернецца. Тады дзіцёнка пагранічнікі забралі з сабой на заставу, адпаілі і вырасцілі. Далі імя Алежка. Ён хадзіў за пагранічнікамі, сваімі адзінымі сябрамі, як сабака, паўсюль: у чырвоны куток на заняткі, у сталоўку, нават кіно глядзець. Пазней я ўжо сам пераканаўся: надзенеш зялёную шапку – і аленяня бяжыць за табой.
Алежка падрос. Яго аддалі ў запаведнік, а там, як ручнога, пасадзілі ў загон для аленяў. Аднак аднапляменнікі яму чамусьці аж надта не спадабаліся. Ён узяў ды пераскочыў праз высачэзны плот у суседні загон, дзе жылі зубры. Тыя спачатку дзень-другі ганялі яго, не жадаючы, відаць, мірыцца з яго суседствам, а пасля прывыклі, пакінулі ў спакоі. Так і жыў алень з імі, у больш арыстакратычнай кампаніі, так бы мовіць. Мы, працуючы ў пушчы, яго падгадоўвалі.
Аднойчы, помню, прыслалі мне сябры з Далёкага Усходу слоік рэдкага па тым часе прадукта – чырвонай ікры. Намазалі мы сабе па бутэрброду, і тут... Самі ведаеце, што існуе закон паскудстваў, паводле якога бутэрброд заўсёды падае маслам уніз, а ўжо бутэрброд з ікрой тым больш. Не есці ж з падлогі. Вырашыў скарміць добраму сябру. Аддаць бы мне яго лісіцы або дзіку нейкаму, словам, усяеднаму або драпежніку. З’елі б і дзякуй сказалі б. А я вырашыў пабалаваць Алежку, зусім забыўшыся на тое, што ікра – жывёльны прадукт, а алені гэтага цярпець не могуць. За ўсю гісторыю заапаркаў, запаведнікаў і падобных устаноў была толькі адна самка аленя, якая магла з’есці катлету. На яе глядзелі, як на найвялікшае дзіва.
І вось даю Алежку бутэрброд. Той узяў, пачаў жаваць. І раптам на мордзе страшэннае неўразуменне, агіда, крыўда. Выплюнуў. Паглядзеў на мяне з пагардай і пайшоў. Спыніўся, літаральна плюнуў у мой бок некалькі разоў і аддаліўся нават не азіраючыся.
Два тыдні давялося мне патраціць, перш чым ён забыў крыўду і паміж намі аднавіліся ранейшыя добрасуседскія адносіны.
(350 слоў)
Паводле У. Караткевіча