Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ад Калкі да Нясвіжа

   Першае ўпамінанне Нясвіжа ў летапісах адносіцца да 1223 года. З захаду на Русь насоўваліся нямецкія і шведскія феадалы, а з усходу – мангола-татарскія захопнікі.
   Кіеўскі князь склікаў блізкіх і далёкіх суседзяў-князёў на раду. Прывёў сюды сваю дружыну і Юрый Нясвіжскі. Вырашылі ісці паходам на ворага. Татараў трэба было сустрэць у стэпе за Дняпром на палавецкай зямлі. Дружына Мсціслава Галіцкага першай перайшла раку, сустрэлася з мангола-татарамі і разбіла іх перадавы атрад. Рашучы бой пачаўся 31 мая ля ракі Калка. Вялікай трагедыяй для рускіх дружын закончылася гэтая бітва. Мужна змагаліся воіны, але сіл не хапала. Ворагі акружылі іх лагер і прапанавалі здацца ў палон. У ліку князёў, якія не здаліся непрыяцелю, а са зброяй у руках прарываліся да Дняпра, быў і нясвіжскі князь Юрый. Усе яны загінулі разам з дружыннікамі. Тыя ж, хто трапіў у палон, паміралі ў вялікіх пакутах. Пераможцы піравалі, седзячы на дошках, пад якімі ляжалі няшчасныя. Доўга разносіліся навокал енкі і храбусценне касцей.
   Паданне расказвае, што з усіх ваяроў нясвіжскай дружыны на радзіму вярнуўся толькі адзін. Як і многія яго таварышы, ён упаў на полі бітвы з глыбокімі ранамі і страціў прытомнасць. Ворагі палічылі яго мёртвым. Ноччу паранены ачуняў і пачуў ціхі стогн недалёка ад сябе. Воін падпоўз да паплечніка, які, відаць, канаў. Гэта быў ягоны князь. Пазнаўшы свайго дружынніка, князь Юрый папрасіў яго вярнуцца на радзіму і расказаць, як па-геройску загінулі ўсе нясвіжцы, не здаліся ў ганебны палон. Малады ваяр даў слова выканаць просьбу. Ён раскажа, як мужна змагаліся яго таварышы, перадасць апошняе слова вернасці маладой княгіні і пацалуе родную зямлю. Праз некалькі хвілін князь памёр на руках свайго вернага воіна.
   Доўгім і цяжкім быў шлях дадому. Шмат дзён і месяцаў дабіраўся дружыннік да вытокаў Ушы. У Нясвіжы яго, як і ўсіх яго паплечнікаў, даўно аплакалі родныя. І вось ён, абяссілены, – ля сцен роднага горада. Расказаў пра гібель усіх дружыннікаў і князя, перадаў яго апошнія словы і сканаў.
   Легенда гаворыць, што на тым месцы, дзе быў пахаваны воін, заўсёды расло магутнае дрэва. У наш час гэта старая таполя, якая захавалася ў гарадскім парку на паляне, што называецца Выставачнай.
(340 слоў)

З. Шышыгіна-Патоцкая

 

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Пераказы, дыктантыДуб і сасна

Пераказы, дыктантыНясвіжскія загадкі

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палацава-замкавы комплекс