Ціхі сон ночы вее над зямлёю. Заснула поле пад чорнаю посцілкаю цьмы. Стары лес перастаў хістацца і махаць касматымі лапамі, стаіць, як заварожаны, па краях поля і дрэмле на месяцы. Хаты зліліся пад адзін чорны плех і патанулі ў цемнаце. Ціха і спакойна!..
Люблю я ў гэтакую ночку выйсці адзін на бераг возера, стаць на грэблі каля млына і прыгледзецца да хараства летняй ночы, прыслухацца да яе цішы. Круглы, блішчасты месяц высока стаіць на небе і лье свой бледны, маркотны свет на сонную зямлю і глядзіцца ў спакойнай вадзе возера. А гладкае, блішчастае возера люстрам ззяе на месяцы, і ціха, спакойна, чуць-чуць дрыжаць яго маршчынкі, маленькія хвалі на бледным бляску месяца. Тысячы зорак любуюцца ў ім, дрыжаць, пераліваюцца, як каплі расы пры ўсходзе сонца. Па краях возера разрасліся высокія балотныя травы: аер, чарот, асака. За імі ледзь выразаюцца з цемнаты чорныя фігуры алешын і старых дуплістых верб. Роўны, спакойны, усю ноч несупынны шум вады, якая сочыцца праз шчыліны заставаў, навявае спакой на душу.
(163 словы)
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Пераказы → Начное жыццё
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Ноч
Янка Купала → Янка Купала - Зімовая ноч
Пераказы → Веснавая ноч
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Сон у лесе