Францыск Скарына застаўся ў гісторыі як знакаміты першадрукар. Ён першы беларускі пісьменнік, рэдактар і выдавец. Ён выдатны перакладчык з некалькіх моў. Ён гуманіст і патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Ён волат усяго еўрапейскага Адраджэння, які не толькі стаў знакамітым сярод сваіх вялікіх сучаснікаў, але ў нечым і апярэдзіў іх.
Сын беларускага народа, Скарына геніяльна аб’яднаў у сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Усходу і лацінскага Захаду. Ён аформіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі. Па іх можна вывучаць тагачаснае беларускае жыццё: побыт, адзенне, тэхніку будоўлі.
Скарынава жыццё было напоўнена падарожжамі па Еўропе, узлётамі да вышынь славы і горкімі расчараваннямі. Ён сустракаўся з вялікімі людзьмі таго часу, вёў навуковыя дэбаты, займаўся медыцынай. Служыў пры дварах вялікіх валадароў, прымаў удзел у складанні Статута Вялікага Княства Літоўскага. Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод усходніх суседзяў, ён прывёз вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву. Марыў наладзіць там кнігадрукаванне. Аднак замест удзячнасці ўбачыў, як з яго кніг склалі вялізнае вогнішча.
За мяжой было іншае. У знак прызнання яго заслуг вялікі князь Жыгімонт Стары даў Скарыне адмысловую прывілею. Па ёй забаранялася прыцягваць Скарыну да суда па важнай ці нязначнай прычыне. Забаранялася наогул умешвацца ў яго справы, прымушаць выконваць нейкія павіннасці нароўні з іншымі жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця. Такім горадам для Францыска Скарыны стала Прага. Там ён і скончыў сваё жыццё.
Скарына пакінуў аб сабе мноства таямніц. А вось перакладзеныя на беларускую мову біблейныя кнігі сталі шырока вядомымі. Імі Скарына ўвёў Беларусь у агульнаеўрапейскую цывілізаваную сям’ю.
(239 слоў)
Паводле У. Арлова
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Францыск Скарына
Пераказы, дыктанты → Спадчына Скарыны
Пераказы, дыктанты → Эпоха Францыска Скарыны
Іншае → Францыск Скарына - З прадмовы да "Кнігі Юдзіф"
Пераказы, дыктанты → Мастацкая Скарыніяна