Зіма – цяжкі перыяд для многіх жывёл пушчы. Каб дапамагчы ім перазімаваць і не хварэць, леснікі майструюць спецыяльныя кармушкі.
Аднаго разу халодным днём напярэдадні зімы сям’я зуброў не прыйшла да кармушак. Я занепакоіўся і вырашыў паклікаць іх. Выйшаў на прагаліну і штосілы гукнуў. Далёка ў лесе разнёсся мой голас.
Неўзабаве здалёк пачуўся цяжкі тупат. На палянку перад кармушкай выйшла некалькі зуброў. Наперадзе крочыў важак статка. У яго была высокая гарбатая спіна і дужа шырокі карак. Увесь ён аброс кучаравай поўсцю. Зубры ўхапілі троху корму і заспяшаліся назад.
Такія паводзіны звяроў зацікавілі мяне, і я пайшоў за імі. Неўзабаве на палянцы я ўбачыў сям’ю зуброў, якія стаялі каля толькі што народжанага зубраняці. Магутныя жывёлы асцярожна цягнуліся да яго пысамі. З іх ноздраў валіла пара. Звяры дыхалі на нованароджанага, каб ён не замерз.
Пасля гэтага выпадку я яшчэ шмат разоў сустракаў зубраня ў розных кутках пушчы. Малое падрастала. На яго спіне зрабілася гарбінка, на лбе прарэзаліся рожкі. Поўсць зубраняці стала мышастай масці, вельмі пушыстая, кучаравая.
Зубры-бацькі штодня клапаціліся аб малым і вучылі яго. Бывала, стары зубр наваліцца ўсім целам на дрэва, прыгне яго да зямлі і трымае, пакуль зубраня аб’ядае галіны. Іншы раз упрэцца зубраня ў шырокі лоб свайго бацькі і пачынае наступаць. Бацька адыходзіць, паддаецца, нібы зубраня перамагло. А потым неўзабаве кідаецца наўцёкі праз хмызняк. Зубраня радасна бяжыць услед, каб яго дагнаць.
Усё гэта мяне бясконца ўразіла. Вось вам і жывёлы, а як разумна, шчыра берагуць сваіх дзіцянят.
(238 слоў)
Похожие статьи:
Биографии → Язэп Пушча
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...
Язэп Пушча → Язэп Пушча - На возеры
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Сяўба
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніца