Ён успомніў пра гэтую паваротку, пра гэты свой лес, пра гэтую дарогу, вузенькую, напаўзарослую. Яна, аб’ехаўшы пару сасонак, хаваецца, нібы ратуючыся ад спёкі, пад густыя і зялёныя шаты дрэў. Сёння па старой дарозе, калісьці дужа бойкай, мала хто ездзіць. Крыху вышэй прабілі асфальтаваную. Там вось і зараз гудуць машыны. А гэтая ўтравела і, нібы луг, узялася зелянінаю. А ў гады яго маладосці гэтая вузенькая дарожка была адзіным парадным уваходам у лес. Ён ведаў тады кожнае дрэва каля яе. Цяпер жа, калі ён разам з дарогаю ўвайшоў пад шаты, лес, які за гэты час павышэў і пастарэў, здаўся яму чужым. Здавалася, што ў ім ён не ведаў ні дрэў, ні кустоў ля іх, ні сцежак. Сцежкі пратапталіся ўжо без яго.
Заняты сваімі гарадскімі клопатамі, ён рэдка наведваўся ў сваю родную вёску. Там, у вёсцы, жыў з сям’ёю яго брат. Госцю ў любы час было куды прыхінуцца. Відаць, і зараз не выбраўся б ён, не выкруціўся са штодзённай гарадской мітусні, калі б не такая важная і прыемная нагода. Сёлета якраз спаўнялася дваццаць год, як яны развіталіся са школаю. Увесь іхні клас горача падтрымаў думку сабрацца разам у роднай школе.
(187 слоў)
Паводле Я. Сіпакова
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Думкі ў дарозе
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - На пыльнай дарозе
Пераказы, дыктанты → Зімовыя дарогі
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Успамін аб лепельскай дарозе
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Шляхі-дарогі