Варыянт 1 (131 слова)
Каршун павольна кружыў па-над возерам, раскінуўшы крылы. Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, нібы затопленае палена, падпільноўваючы верхаводак і плотак. Убачыўшы яго, каршун, як страла, паляцеў уніз і кінуўся на рыбіну.
Вострыя кіпцюры ўчапіліся ў шырокую цёмную спіну шчупака. Моцна трымаючы здабычу, каршун ірвануўся ўгору. Але шчупак быў для яго занадта вялікі і цяжкі. Узняцца з ім у паветра каршун не змог, а выцягнуць доўгія і крывыя кіпцюры з цела рыбы не здолеў.
Шчупак разявіў пашчу з вострымі, як у пілы, зубамі. Ён шалёна біў хвастом і кідаўся ва ўсе бакі, заліваючы каршуна вадою. Рыба цягнула птушку ў ваду, а птушка рыбу – у паветра. Хто каго?
Крылы зняможанага каршуна намоклі, а дужы шчупак усё цягнуў і цягнуў яго пад ваду, пакуль гладзь не самкнулася над птушкай назаўсёды. Драпежнік загубіў драпежніка.
Варыянт 2 (60 слоў)
Над возерам свеціць сонца. Па сіняму небу плывуць белыя воблачкі. У зарасніках трысця чвакаюць качкі.
Драпежны птах кружыць над вадою. Плаўна планіруе ён у паветры. Раптам ляціць уніз і знікае ў серабрыстых пырсках вады. У кіпцюрах каршуна зіхаціць шчупак. Каршун махае крыламі і застаецца на месцы. Потым ён апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Нарэшце знікае пад вадой. Драпежнік загубіў драпежніка.
Похожие статьи:
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка
Пераказы, дыктанты → Рыбалка
Пераказы, дыктанты → Паядынак
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Шчупак
Пераказы, дыктанты → Паляванне драпежнай птушкі