Адзін толькі бусел застаўся на зямлі. Бусел і Мацвей Роўда на пустой дарозе. Бусел з тугою ў вачах паглядвае, як з клёкатам знікае за даляглядам чарада, і сам спрабуе крыкнуць, але няма ў яго сілы на голас, як ён ні выструньваецца, ні напружвае цела, ні дапамагае крыламі прарвацца голасу. Няма голасу, сіп толькі прастуджаны. Так прастуджана плача ўзімку на ветры зломленая, расшчэпленая хвоя. Бусел жа з апошняга зноў бяжыць, бяжыць і махае крыламі, і галава яго задзёрта, вось-вось, здаецца, адарвецца ад шыі, ён імкнецца ў неба, імкнецца адарваць сябе ад зямлі. І адрывае, і праразаецца голас. Бусел ляціць і крычыць што мае моцы, змагаецца з паветрам, як той рыцар сумнага вобраза, змагаецца з травой, што гоніцца за ім, цягне да сябе, да зямлі, не дае выйсці ў неба. Губляе вышыню, але не верыць гэтаму, не выкідваючы ўперад ног, не збіваючы хуткасці парашутамі-крыламі, шэрым пер’ем, брудным камяком утыкаецца ў зямлю, падае грудзьмі, перакульваецца цераз галаву. Роўда спяшаецца, ідзе па лузе да птушкі, а тая галавой, кончыкам дзюбы, але цягнецца ў неба, за клінам, што ўжо растаў у вечаровым сонцы. Роўда бярэ бусла на рукі, нібыта дзіця на рукі бярэ, той квола б’ецца, усёй сваёй істотай, нават рухам крыві ў целе адхіляючы гэтае чалавечае шкадаванне і спагадлівасць. Мацвей прыціскае бусла да грудзей, прыпадае тварам да яго цёплага бездапаможнага пер’я.
(218 слоў)
Паводле В. Казько
Похожие статьи:
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Бусел і хлопчык
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Бусел
Пераказы → Сцёпкавы буслы
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Ён не госць у Беларусі
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Бусел