Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сцёпкавы буслы

   Ярка свяціла сонца, і Сцёпка, вяртлявы, як яшчарка, цэлы дзень безупынку бегаў па вуліцы. Дзед Вінцэсь спыніў унука каля хлява і папрасіў дапамагчы ўсцягнуць барану на ліпу: праз дзень-другі павінны былі прыляцець буслы.
   I вось аднойчы цёплым вечарам дзед з унукам вярталіся з лесу дадому. Падышлі бліжэй да хаты і бачаць: на ліпе два буслы сядзяць, галінкі і сухую траву на баране раскладваюць.
   Час ужо пераступіў за поўнач, коўш Вялікай Мядзведзіцы перавярнуўся на хвост, а Сцёпку ўсё не верылася, што буслы застануцца на ліпе. Хлопчык ніяк не мог заснуць, падняўся, падышоў да акна і адхінуў штору. Спальню заліло бледнае святло месяца. Малы прыслухаўся. Дзьмуў вецер, рыпела старая ліпа, а на ёй сядзелі на баране і ціха гаманілі бусел з бусліхаю.
   I вось у чэрвені, калі шчодра свяціла сонца, прайшлі цёплыя дажджы, а гай за вёскай шапацеў густой зялёнай лістотай, у гняздзе на ліпе з’явілася ажно шэсць буслянятак. З ранку да вечара Сцёпка не зводзіў вачэй з птушанят.
   Аднаго разу дзед з унукам узялі два бярозавыя венікі і пайшлі ў лазню. Калі вярталіся, ужо цямнела, па небе паўзла вялікая кудлатая хмара. Шугануў вецер, завуркатаў, мякка пераліваючыся, гром, і на зямлю пачалі падаць буйныя кроплі дажджу. Сіняй шабляй паласнула па небе маланка, і яно нібы раскалолася на кавалкі. Гэта аглушальна ўдарыў пярун. На зямлю абрынуўся лівень. Навальніца бушавала ўсю ноч.
   Раніцою дзед Вінцэсь увайшоў у хату цёмны і пануры, як восеньская хмара.
   – Бусел у навальніцу загінуў, – стрымана паведаміў ён.
   У Сцёпкі прабег халадок па спіне, і хлопчык выскачыў на двор.
   Бусел ляжаў пад ліпаю мёртвы.
   – А што з буслянятамі будзе? Хіба іх пракорміць адна бусліха? – Сцёпка збянтэжана пазіраў на дзеда.
   – Будзем дапамагаць ёй, – адказаў стары.
   Буслісе хапала працы. Яна схуднела, вечарамі клекатаць перастала. Ды і бусляняты без бацькі пачуваліся кепска. Нейкімі маленькімі зрабіліся. Выцягваюць тонкія, як у аскубанага вераб’я, шыйкі, есці просяць. I Сцёпка з дзедам сталі дапамагаць буслісе.
   Злавіў Сцёпка шэсць карасікаў, палез на ліпу, а бусляняты нібы чакалі яго. Карасікаў уміг праглынулі. Хлопчык узрадаваўся, што буслянятам карасікі спадабаліся, жвава, як вавёрка, спусціўся долу і памчаўся на сажалку. Вечарам у яго быў амаль поўны кошык карасёў.
   Сцёпка карміў буслянят па некалькі разоў на дзень. Яны прывыклі да хлопчыка. Калі ён з’яўляўся каля гнязда, выцягвалі шыйкі і, патрабуючы ежы, разявалі свае жоўтыя дзюбкі.
   Прайшоў усяго тыдзень, і бусляняты паправіліся, патаўсцелі іхнія шыйкі, весела заблішчэлі цікаўныя вочкі. Павесялела і бусліха, стаў чуваць вечарамі над вёскаю яе радасны клёкат.
   Праз месяц птушаняты вылецелі з гнязда. А неўзабаве і восень настала. Хмары ўсё часцей і часцей закрывалі сонца. Пайшлі дажджы.
   Аднойчы падзьмуў парывісты паўночны вецер, зацерусіў нудны дождж, вераб’і некуды схаваліся ад непагадзі. А буслы, быццам развітваючыся са Сцёпкам, пакружылі над вёскаю і паляцелі на цёплы поўдзень.
   Хлопчык выбег за сад і доўга, аж пакуль буслоў не схавала хмара, махаў ім услед рукою.
(460 слоў)

Паводле Я. Галубовіча

 

Похожие статьи:

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - Людскою разумнаю воляй...

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - Я — раб паэзіі...

Леанід ГалубовічТворчасць Леаніда Галубовіча

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - Мова

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - верш "Паэзія"