Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аўгіня

   Дзесяць гадоў таму назад у Вепрах не было дзяўчыны цікавейшай за Аўгіню, цяпер войтаву жонку. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі – вось якая была Кублікавых Аўгіня. Любіла яна і з дзецюкамі пажартаваць, ды жартавала так, што кожнаму з іх здавалася, нібы ён і ёсць той, на кім запыніла яна сваю дзявочую ласку.
   "Нарвецца дзяўчына" , – казалі пра яе сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Аўгіня жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Умела быць яна сталаю і сур’ёзнаю, і вочы яе, цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў, пазіралі тады строга і ўдумліва. І цяжка было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ямінкі-багны на цёмным балотным дне ў роспісе пышных раслін. Іх можна было ўспрымаць як карыя вочы, чуць-чуць пацягнутыя зелянкаваю павалокаю, а часамі яны здаваліся шэравата-зялёнымі. Можа проста мяняліся яны ў залежнасці ад тых думак, ад тых маладых мар, што поўнілі дзявочую галаву і гушкалі яе сэрца ў той ці іншы час. Адно можна сказаць пра іх: яны вабілі – вось як вабіць воля і радасныя прасторы вясны, поўныя музыкі звону і шуму жыцця, і зацягвалі, як надрэчная дрыгва, дзе звадлівым шэптам гамоняць высокія шумлівыя чароты і пахучы аер.
(208 слоў)

Паводле Я. Коласа

 

Похожие статьи:

ПераказыАбутак

ПераказыДзяўчына

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Дзяўчына

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Ах, што гэта за дзяўчына