Алка – гэта свяшчэнны дубовы лес, гэта цвярдыня прадзедаўскай веры. Дуб, а не якое іншае зямное дрэва абралі багі. У шуме ягонай вечнай лістоты добра пасылаць свае вітанні і свае загады ўсім тым, хто пакланяецца Пяркунасу. Дуб не баіцца маланак. Ён сын маланкі. Тысячагадовы і непарушны, глядзіць са сваіх вышынь на пакаленні людзей. Немаўляты спалі ў калысках, падвешаных да ягоных галін, ахінутых ягоным ценем. Зараз яны растуць, дужэюць, робяцца воямі, потым робяцца дзядамі з белымі, як снег, бародамі. Дзяды паміраюць, кладуцца лёгкім прысакам на памінальных жоглішчах. Як жалуды, прыходзяць на гэту зялёную зямлю новыя людзі. Прыходзяць шанаваць і берагчы тое, што вяло па жыццёвай дарозе дзядоў.
Літоўцы пачалі тварыць сваю малітву. Далібор стаяў збоку, таксама зняўшы шапку. У ягоным хрысціянскім Новагародку свяшчэнным дрэвам, улюбёным дрэвам Багародзіцы святары аб’явілі белую бярозу. З дуба ж кпліва смяяліся, здзекаваліся. Дуб быў дрэвам старой паганскай веры. А паганскае – дурное і цёмнае. Той, хто верыць старым багам, таксама дурны і цёмны, мае на плячах дубовую галаву. Але стаіць побач Міндоўг і кажа, што дуб – ахова ўсяго народа. І Далібор верыць яму. Гараць вочы ў літоўцаў. Якія прасветленыя ў іх твары! Літовец ніколі не ссячэ дуба. Лепш руку сабе адсячэ ці нагу.
Далібор нахіліўся і ў абляцелай дубовай лістоце ўбачыў жолуд. Ён паспеў ужо прарасці. Моцным белым карэньчыкам жолуд намацаў зямлю. Ён быў падобны да крывулькі. Ягоныя ружовыя тоўстыя семядолі рассунуліся, расчыніліся. На белы свет асцярожна зірнула маленькая почачка. Жолуду яшчэ трэба перазімаваць. Калі не закасцянее ён ад марозу, то будучай вясною шпарка пойдзе ў рост. Але колькі неспадзяванак чакае ягонага сынка!
(255 слоў)
Паводле Л. Дайнекі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Цар-дуб
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Дуб-заступнік
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Дуб-дзядуля
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Як птушкі дуб ратавалі
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ