Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвігін Ш. - Дуб-дзядуля

Увага!!! Поўны змест

  Амаль не ўся вёска зайздросціла мне майго надзела. Шнур быў, праўду кажучы, ані большы, ані выгаднейшы, ані зямліца на ім не лепшая, - можа нават горшая, бо пры канцы шнура была страшэнная гара, дзе апроч грэчкі ды ярыцы нічога не радзіла, але на самым версе гэтай гары рос такі дуб, што аж дзівіўся народ: веліч, таўшчыня, а сукі так разрасліся, што, здавалася, свет бы пад сябе хацеў падгарнуць.
   З давён-даўна ўсе звалі яго: дуб-дзядуля.
   Дык вот паслухайце, што мне пад гэтым дубам здарылася.
   Раз улетку, ад цёмнага напрацаваўшыся, што аж пот з мяне цурком каціў, губы пасмяглі, босыя ногі да крыві патрэскаліся, - зацягнуўся я неяк на гару да свайго дзядулі - аддыхнуць у яго цяні. Толькі прылажыўся гэта я, уздыхнуў раз, другі і пачынаю драмаць... Ажно чую: не то над галавой, не то пад галавой нехта таксама два разы ўздыхнуў... Стаў я прыслухвацца: яшчэ і яшчэ ўздыхае, але так цяжка ўздыхае, што аж за сэрца бярэ, немаль стогне... Перажагнацца хачу - рукі падняць не магу!.. Струхлеў я - ляжу, чакаю, што будзе. Аж тут нехта ў вуха маё шэпча:
   - Не бойся, не пужайся, дзіцятка ты маё, не пужайся: я гэтак дышу, я гэтак уздыхаю, я - твой дубочак старэнькі...
   - Божа моцны!.. Што ты, дзядулька, як жа гэта можа быць, каб дрэва ўздыхала ды гаварыла? - пытаю ўжо смялей.
   - Эх, дзіцятка, дзіцятка, - зноў шэпча мне на вуха, - шмат чаго ты яшчэ не ведаеш, шмат чаго не разумееш, але люблю я цябе, шчыра люблю, як любіў тваіх бацькоў, дзядоў ды прадзедаў, бо не зазнаў ніколі крыўды ад вас, а толькі векі пашанасць меў... Пара прыходзіць, дзіцятка ты маё, пара прыходзіць сказаць, адкрыць табе такое, чаго нікому яшчэ не гаварыў... Але пакляніся, што споўніш маё апошняе жаданне!
   - Клянуся, дзядулька, клянуся, родненькі, споўню, усё споўню, - зноў, дрыжучы ўвесь, адказваю.
   - Слухай жа! - кажа дуб-дзядуля. - Адкуль я тут узяўся і калі радзіўся, ніхто, ды і я сам добра не ведаю. Помню толькі - з малалецтва жылося нішто, суседства шмат меў: сваёй радні - цэлыя ваколіцы, - хлопцы адзін у адзін - дужыя, здаровыя; а тут да кампаніі зграбныя елачкі, - хоць сварлівыя, але сэрца добрага, - сасонкі. Міргнеш ім, бывала, жалудком, а яны табе шышкай у бок... А асінкі-пашаптушкі? Кіўні толькі ён галінай (бо дубу не след кланяцца асіне!), а яна, як тая сарамлівая панначка, затрасецца ўся і лісточкамі цябе абсыпе... От, ведама, забаўляліся, як умелі... Але што гэта ўспамінаць? Ляцелі годы, як вашы ляцяць дні, змяніліся вякі, як вашы годы, - а я стаяў і рос, рос і стаяў - крапчэў... Зрываліся не раз буры, - як пад тапаром, шмат нашых клалася, але тыя, што аставаліся, - яшчэ вышэй падымаліся; находзілі навальніцы, - гінулі тыя, што ў неба глядзелі, а знізу падымалася маладзёж; палятала свежага насення, і ўзрасталі суседзі невядомыя, незнаёмыя... Так вякі ішлі, аж мінула ўсё, - аж прыйшло і на тое, што з тутэйшых даўнейшых астаўся, як відзіш, адзін я. Праўда, вось глянь на захад: бачыш цёмную паласу? Але што гэта за лес? Хударлявы, крывы, увесь у суках - гніль нейкая, дый толькі. Глянь на ўсход, - прыслухайся да шуму гэнага лесу... Чуў ты калі шум здаровага, крэпкага дрэва? - не, не! не гэтак шуміць здаровы лес! А чаму ён так шуміць? - бо змарыўся, ніколі перадышкі не мае, гэтак і згінуць мусіць... Паглядзі на поўнач: - ці бачыў ты калі такое дзіва? Такі гонкі, такі крэпкі здалёку выдае лес, а ўважай, як яго гайдае ва ўсе бакі, то да зямлі прыгне, то крыху адпусце, - здаецца, і вецер невялікі, а пень выпрастацца не можа. Цяпер глянь на мяне: пастухі бок асмалілі, людзі кару аскрэблі, колькі-то сукоў павыразалі? Лісты, жалуды - і тыя штогод падбіраюць; - усё, каб толькі сабе карысць мець; а ці падумалі, што стары ўжо я, пакалечаны, веку дажываю, а ніводзін жалудок мой не ўзрос... Сохну ўжо я. Каб хоць два, каб хоць год далі вы мне засілку - вадзіцы чыстай, здаровай, - можа б я вам памятку пакінуў: новае пакаленне. Прысягнуў ты, дзіцятка, - дык дабудзь жа ты мне цяпер гэткай вадзіцы, пашукай, прынясі, карэньчыкі мае бедныя падлі...
   - Добра, - кажу, - дзядулька, добра, будзь спакоен: дастану, прынясу - хіба згіну!..
   Бег я, змарыўся, - ужо і самому піць зажадалася. Цямнець стала, а вады як не відаць, так не відаць. Бачу, нейкая кабеціна - старэнькая, худзенькая - прыгаршчамі зямлю носіць.
   - Ці не ведаеш, бабулька, дзе тут блізка вады дастаць? - пытаю.
   - Хадзі за мной, сыночак, пакажу табе цэлае возера.
   Уцешыўся я. Пайшлі, па дарозе пытаю:
   - Адкуль ты, бабулька, і як завешся?
   - Тутэйшая, - кажа, - а завуся Праца, сынок, Праца.
   Дзіўнае, думаю, прозвішча. Прыйшлі да возера, - вялікае, што вокам не сцягнеш, і хоць вада мутная, брудная, - кінуўся я піць. Хлебануў раз - што гэта? Вада не вада, хоць смак і знаны. Ага, успомніў я, як напрацуешся ды пот, цякучы па брудным твары, пападзе ў рот, - от якраз гэтакі смак! Пытаю бабулькі:
   - Праўда, сынку, праўда: пот. Паўнюсенькае возера людскога поту...
   - А нашто ж ты зямлю прыгаршчамі носіш ды кідаеш у гэтае возера? - пытаю.
   - Глыбокае яно без канца, а трэба, каб заўсёды было поўнае: дык вось, як засыплю яго зямліцай, тады і поту мала трэба будзе людзям ліць.
   Здзівіўся я, але не было калі распытвацца, і пабег далей. Бег я, бег, - бачу зноў возера - больш за першае, але вадзіца ў ім такая чыстая, што аж свеціцца. Прыпаў я, хлебануў - горкая, але то такая горкая, што піць нельга! Прыйшло мне на памяць, як аднаго года апошнюю скацінку з хлева вывелі... Скацілася тады слязінка і ў рот мне папала... от якраз гэтакі смак!.. Бачу, старушка нада мной стаіць.
   - Хто ты? - пытаю.
   - Бяда, сынку, Бяда. Не пі, сыночку, гэтай вадзіцы, не пі: досі ты яе ўжо напіўся...
   - А што ж ты тут робіш? - пытаю.
   - Глянь, унь, на катлы вялікія, пад імі заўсёды агонь гарыць. Дзень і ноч наліваю я ў іх з гэтага возера поўна слёз людскіх і грэю, каб высахлі, аж пакуль усё гэта возера не высушу, аж пакуль пара ад іх не падымецца аж да неба!..
   Здзівіўся я, але памчаў далей. Спатыкаю ізноў старэнькую кабеціну, - палівае яна зямлю з конаўкі.
   - Дай, бабулька, напіцца, - прашу яе.
   - Ідзі, - кажа, - да возера.
   Падбягаю, - бачу: поўнае яно не вады, але віна чырвонага... Прыпаў, хлебануў... «Божа! - крыкнуў я са страху, - помню, помню гэтае віно: у губах яго было поўна, вочы ім заліты... помню яго! Але ж гэта не віно, але кроў! Людская кроў!..»
   - Праўда, - кажа старушка, стоячы нада мной, - праўда, сыночку, людская гэта кроў, і вось мушу ўсё гэта возера конаўкай вынесці і ўсю зямліцу паліць!..
   - Хто ж ты? - пытаю.
   - Цярпенне, - ціханька адказала бабулька.
  Без аглядкі кінуўся я ад гэтага страшэннага месца. Чую: у старане недзе бурчыць, пераліваецца, бяжыць, нібы, скажам, ручаёчак жывенькай вадзіцы. Я туды шукаць, аж тут - калі блісне, трэсне, заляскае, - здалося, увесь свет задрыжаў!
   Усхапіўся я, вочы праціраю, не магу да сябе прыйсці... Не чуў я, як бура найшла, як перуны сталі біць, пакуль не дабраліся да майго дзядулі, пад каторым я так моцна спаў... Працёр вочы, сон свой страшны ўспомніў, закалаціўся ўвесь, зуб на зуб не пападае... Гляджу: дзядулька мой бедненькі ляжыць ціханька на баку...
   З таго часу прайшло некалькі год. Ляжыць дзядуля на сваім месцы (сукі толькі паабразалі), а з-пад яго вылезлі тры, хоць яшчэ цененькія, але гладкія, роўныя дубочкі...

Похожие статьи:

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Павук

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Антон Іванавіч Лявіцкі

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Сабачча служба

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ