Сумна мне, Божа! Хоць ты прада мною
Пурпурам захад заліў прамяніста,
Гасіш падсіненай хваляй марскою
Зорак маніста,
Мора і неба залоціш прыгожа. –
Сумна мне, Божа!
Я, як той колас, што выплакаў зерне,
Голаў узняўшы, стаю ля заліва.
Пройдзе тутэйшы і ўвагі не зверне:
Выгляд шчаслівы.
Хто ім тут я – пілігрым перахожы?
Сумна мне, Божа!
Як дзіцянё, не хаваючы жалю,
Тужыць па маці, так з жалем гляджу я
На небакрай, дзе, скаціўшыся ў хвалі,
Сонца начуе.
Як бы хацеў з ім і я ў падарожжа! –
Сумна мне, Божа!
Сёння у плаванні ў моры вялікім –
Сто міль ад берага Нільскай даліны –
Ранілі ў сэрца мне мілыя клікі
Стай жураўліных,
Можа, дзе ў Польшчу ляцяць яны, можа.
Сумна мне, Божа!
Частыя думы аб блізкай магіле,
Сум і туга па бацькоўскаму дому.
Гнаны вандроўнік – лічу свае мілі
Ў грукаце грому.
Вечна ў хадзе – на шляхах, раздарожжах...
Сумна мне, Божа!
Ты будзеш сведкай: злажу свае косці
Не пад плітой мармуровай у склепе.
Тым, што спачылі на родным пагосце,
Сто разоў лепей.
Мне ж ты судзіў неспакойнае ложа.
Сумна мне, Божа!
Знаю, штодзень на радзіме сіротка
Моліцца шчыра па мне без прывету.
Знаю, не ў край мой плыве мая лодка
З белага свету.
Мабыць, маленне яе не паможа, –
Сумна мне, Божа!
Гэтыя фарбы шматлікіх адценняў,
Гэтае зарыва з далі крывавай
I праз стагоддзі другім пакаленням
Будуць забавай.
Хто ж прымірыцца з нікчэмнасцю зможа?
Сумна мне, Божа!
Напісана на захадзе сонца ў Александрыі
19 кастрычніка 1836
Пераклад Язэпа Семяжона
Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 862 с.
Похожие статьи:
Юльюш Славацкі → Жыццёвы шлях і творчасць Юльюша Славацкага
Г → Гімн
Юльюш Славацкі → Юльюш Славацкі - Песня дзяўчыны-казачкі
Юльюш Славацкі → Юльюш Славацкі - Мой тастамант